Мінск 15:16

Беларускія ССА вучацца адначасова ў Індыі і Пакістана, якія канфліктуюць, плануюць — у М’янмы

Закамуфляваная ваенная тэхніка ССА ля беларуска-ўкраінскай мяжы
Крыніца: "Беларусь 1" / скрыншот "Позірку"

3 жніўня, Позірк. Сілы спецыяльных аперацый (ССА) Узброеных сіл Беларусі праводзяць сумесныя вучэнні з аналагічнымі падраздзяленнямі Індыі і Пакістана, якія канфлікнуюць, плануюць пачаць іх з М’янмай, дзе кіруе ваенная хунта, вынікае са слоў начальніка аддзела міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва і міратворчай дзейнасці ССА Аляксея Скабея.

“З кожным годам вопыт удзелу ССА ў сумесных мерапрыемствах павялічваецца”, — заявіў ён у эфіры праграмы “Арсенал” на тэлеканале “Беларусь 1” 3 жніўня.

“У гэтым годзе мы сталі ўзаемадзейнічаць ужо з Ісламскай Рэспублікай Пакістан. Гэта Рэспубліка Індыя. Цяпер мы, дзякуючы візіту міністра абароны ў Рэспубліку М’янма, пачынаем ужо прапрацоўваць пытанні сумеснай падрыхтоўкі нашых ваеннаслужачых”, — дадаў Скабей.

У 2024 годзе ССА правялі на беларускай тэрыторыі сумесную трэніроўку з кітайскімі ваеннымі, гаворыцца ў сюжэце.

Паводле намесніка камандуючага ССА Аляксандра Гусева, у 2025 годзе ў падраздзяленнях “было ажыццёўлена пераўзбраенне на больш сучасны мінамёт — 82 міліметровы” на базе БМ-37, які прайшоў “абкатку ў ходзе вядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі”.

Гаворачы аб узмацненні паўднёвай мяжы сіламі ССА, камандуючы Вадзім Дзенісенка заявіў, што там зараз “стаяць” падраздзяленні з Віцебска.

“Прыйдуць брэсцкія, Мар’іна Горка. Яны ўсё вось так рухаюцца, усе адзін аднаго мяняюць”, — сказаў ён.

Сілы спецыяльных аперацый — высокамабільны род войскаў Узброеных сіл, створаны ў 2007 годзе. З’яўляюцца пераемнікам паветрана-дэсантных войскаў і спецпрызна ГРУ СССР. Асноўнымі задачамі лічыцца контрдыверсійная дзейнасць, разведка, барацьба з незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, “выкананне розных задач спецыяльнымі метадамі ў мэтах спынення ўзброенага канфлікту” адносна Беларусі.

ССА актыўна выкарыстоўваліся пры падаўленні масавых пратэстаў у 2020 годзе. Ад іх дзеянняў у Брэсце загінуў Генадзь Шутаў.

Камандуючы Дзенісенка публічна выказваў гатоўнасць да задзейнічання ССА ў перыяд кампаніі па “выбарах прэзідэнта” ў 2025 годзе. “Калі неабходнасць будзе — будзем працаваць. Мы гатовы”, — заявіў ён на дзяржТБ у кастрычніку мінулага года.

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года, афіцыйна названага Масквой і Мінскам “спецыяльнай ваеннай аперацыяй” (падтрымліваецца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі), Дзенісенка ўнесены ў санкцыйныя спісы ЕС і іншых краін Захаду.

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін наведваў М’янму ў сакавіку гэтага года. Быў падпісаны пратакол, які пацвярджае намеры Мінска і Найп’іда ўмацаваць ваеннае супрацоўніцтва.

“Вынікам стане значная актывізацыя кантактаў у ваеннай сферы па пытаннях адукацыі, абмену вопытам у падрыхтоўцы войскаў, пабудовы шэрагу сістэм забеспячэння”, — заявіў начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка.

Ваенная хунта кіруе М’янмай з лютага 2021 года.

Падзяліцца: