Мінск 14:44

Праваабарончая арганізацыя Libereco запатрабавала ад урада Германіі аднавіць выдачу віз беларусам, якія пераследуюцца з палітычных матываў

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 7 жніўня 2025 года ў 12:27

7 жніўня, Позірк. Неадкладна аднавіць выдачу віз грамадзянам Беларусі, якія пераследуюцца з палітычных матываў, запатрабавала ад урада Германіі нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco.

“Перастаньце адварочвацца ад тых, каго пераследуюць з палітычных матываў з Беларусі!” — заклікала арганізацыя.

Libereco паведамляе, што ў рамках сваёй штогадовай акцыі “Зрабіць Беларусь прыкметнай“ факусуе зараз увагу на “ціхім, але небяспечным для жыцця палітычным рашэнні: Германія прыпыніла ўсе праграмы прыёму паводле гуманітарных падстаў — таксама для людзей, якія з-за палітычнага пераследу вымушаныя бегчы з Беларусі“.

Германія прыпыніла выдачу гуманітарных віз, у тым ліку беларусам, у рамках кааліцыйнага пагаднення кіруючых партый, паведамілі раней “Позірку“ ў МУС ФРГ. У кааліцыю, створаную пасля пазачарговых парламенцкіх выбараў у лютым 2025 года, уваходзяць Хрысціянска-дэмакратычны саюз і іх саюзнік у Баварыі Хрысціянска-сацыяльны саюз, а таксама Сацыял-дэмакратычная партыя.

“Урадавая кааліцыя ў сваім кааліцыйным пагадненні дамовілася завяршыць, наколькі гэта магчыма, федэральныя праграмы добраахвотнага прыёму [замежнікаў] і не пачынаць новыя. У цяперашні час вывучаецца пытанне, як гэта можа быць рэалізавана ў дачыненні да розных праграм. Да прыняцця рашэння ўсе працэдуры прыпыненыя“, — гаварылася ў адказе прэс-службы МУС на запыт “Позірку”.

Раней атрымаць нямецкую гуманітарную візу можна было ў рамках праграм прыёму замежнікаў на федэральным і зямельным узроўнях. У адпаведным раздзеле на сайце МУС Беларусь згадваецца ў падпункце “Індывідуальны прыём паводле асаблівых гуманітарных альбо палітычных падстаў“: “Для асоб, якія зведваюць асаблівую рызыку праз свой удзел у барацьбе супраць вайны, за дэмакратыю і правы чалавека або праз дзейнасць, якая мае крытычную накіраванасць у дачыненні да рэжымаў у Расіі, а таксама ў Іране ці Беларусі, і для якіх не падыходзіць атрыманне візы паводле іншай падставы, МЗС і МУС распрацавалі паскораную працэдуру прыёму на падставе параграфа 22, прапановы 2 Закона аб знаходжанні замежнікаў”.

Гэтая прапанова абвяшчае: “Дазвол на знаходжанне можа быць выдадзены, калі МУС альбо ўпаўнаважаны ім орган абгрунтавалі прыём [замежніка] захаваннем палітычных інтарэсаў Федэратыўнай Рэспублікі Германія”.

Прэс-служба МУС не адказала на пытанне “Позірку“, што цяпер рабіць беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца на радзіме пад пагрозай палітычнага пераследу і разлічваюць на атрыманне нямецкай гуманітарнай візы.

Арганізацыя Libereco заявіла, што шакаваная такім рашэннем урада Германіі. “Гэтым самым грамадзяне, якіх пераследуюць з палітычных матываў, не толькі аказваюцца кінутымі, але і наўмысна ставяцца ў небяспеку“, — лічаць праваабаронцы.

“Мы ўжо знаходзімся ў цесным кантакце з іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. Разам мы імкнемся як мага хутчэй знайсці рашэнне для пацярпелых і спрабуем звязацца з адпаведнымі органамі ўлады Германіі. Аднак пакуль незразумела, калі і як будзе ажыццяўляцца выдача гуманітарных віз“, — гаварылася ў заяве.

Libereco таксама накіравала запыт у МУС ФРГ адносна прыпынення дзеяння гуманітарных праграм прыёму. Ведамства пацвердзіла рашэнне кааліцыі, а таксама паведаміла, што з сярэдзіны траўня спыненыя працэдуры прыёму асоб у мэтах абароны палітычных інтарэсаў Германіі на падставе прапановы 2 параграфа 22 закона аб знаходжанні замежнікаў.

Падзяліцца: