Мінск 16:18

Базавая інфляцыя ў ліпені склала 7,6% — Нацбанк

Ілюстрацыйнае фота: Liviu Florescu / unsplash.com

11 жніўня, Позірк. Базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта мяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) у ліпені 2025 года склала 7,6% (тут і далей у гадавым выражэнні), вынікае з апублікаванага Нацыянальным банкам агляду інфляцыйных працэсаў.

У чэрвені гэты паказчык быў роўны 7,4%, у траўні — 7,1%.

Рост цэн на садавінагародніную прадукцыю (сезонныя тавары) у мінулым месяцы запаволіўся да 14,5% (у ліпені было 17,6%, траўні — 14,4%).

Рост рэгуляваных дзяржавай цэн і тарыфаў склаў 5,9% (+5,7%, +6,1% адпаведна).

Агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі (індыкатар інфляцыі, вычышчаны ад уплыву рознага роду шокаў) вырас на 6,3% (+6,1% і +5,85%).

Як паведамляў “Позірк”, спажывецкія цэны ў ліпені 2025 года выраслі на 0,2%, у параўнанні са снежнем 2024 года — на 5,6%, з чэрвенем 2024-га — на 7,4%.

Эканоміка Беларусі пры адсутнасці моцных знешніх шокаў “працягне функцыянаваць у стане перагрэтага залішняга ўнутранага попыту”, вынікала з агляду манетарнага асяроддзя за другі квартал 2025 года, прадстаўленага даследчым цэнтрам BEROC.

На думку экспертаў, “гэта будзе суправаджацца высокай [гадавы] інфляцыяй”, якая “можа наблізіцца да верхняй мяжы дыяпазону 7–9% да канца гэтага года”.

Старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык на брыфінгу 25 чэрвеня адзначыў, што інфляцыя ў Беларусі “пачынае тэставаць гранічныя ўзроўні, якія ўлады краіны гатовыя дапусціць для кароткатэрміновага стымулявання росту ВУП з дапамогай залішне мяккай эканамічнай палітыкі — 7–9% у гадавым вылічэнні па выніках 2025 года”, сказаў Харытончык.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пастановай № 4 ад 27 студзеня вызначыла паказчыкі штомесячнага (з нарастаннем) дапушчальнага павелічэння цэн: у студзені цэны не павінны былі вырасці больш як на 0,7% (па факце — +0,7%), па выніках студзеня — лютага — на 1,9% (+2%), студзеня — сакавіка — на 2,2% (+2,8%), студзеня — красавіка — на 2,7% (+3,8%), студзеня — траўня — на 3% (+4,5%), студзеня — чэрвеня — 3,3% (+5,4%).

Далей: студзеня — ліпеня і студзеня — жніўня — 3,4%, студзеня — верасня — 3,7%, студзеня — кастрычніка — 4,1%, студзеня — лістапада — 4,4%, студзеня — снежня — 5% (гэты ўзровень зацверджаны Аляксандрам Лукашэнкам на 2025 год).

Падзяліцца: