Мінск 13:41

МЗС пракаментаваў інфармацыю пра вызваленне беларусаў з працоўнага рабства ў Іспаніі

Ілюстрацыйнае фота: МЗС Беларусі

12 жніўня, Позірк. Амбасада Беларусі “знаходзіцца ў кантакце з праваахоўнымі органамі” Іспаніі ў сувязі з інфармацыяй, якая з’явілася ў СМІ, пра вызваленне беларускіх грамадзян з працоўнага рабства, паведаміла 12 жніўня Міністэрства замежных спраў.

Знешнепалітычнае ведамства адзначыла, што “пры пацвярджэнні даных СМІ і [у выпадку] неабходнасці беларусам будзе аказаная ўсебаковая консульска-прававая дапамога”.

МЗС “у чарговы раз” рэкамендавала грамадзянам “праяўляць асцярожнасць пры пошуку працы за мяжой, правяраць звесткі пра працадаўцаў і ўмовы працаўладкавання”, а таксама нагадаў, што ў кожнай краіне акрэдытацыі беларускіх дыпмісій дзейнічае тэлефон экстранай сувязі для суайчыннікаў.

“Перад любой паездкай за мяжу, незалежна ад яе мэтаў, раім удакладніць размяшчэнне бліжэйшай амбасады або консульства Беларусі і захаваць іх кантактныя даныя, каб у выпадку неабходнасці аператыўна звязацца з дыпламатамі”, — адзначыла ведамства.

Раней іспанскае выданне Ok Diaro паведаміла, што ў краіне ліквідаваная злачынная арганізацыя, якая займалася вытворчасцю і распаўсюдам кантрафактнай і кантрабанднай тытунёвай прадукцыі. У выніку праведзенай аперацыі быў арыштаваны 21 чалавек, вызвалена 12 грамадзян Беларусі і Кітая, а таксама 6 грамадзян В’етнама.

Пры гэтым адзначаецца, што беларусы і кітайцы ўжо падалі прашэнні на вяртанне ў свае краіны, а в’етнамцы — на дазвол застацца ў Іспаніі.

Паведамляецца, што вызваленыя рабочыя прыбылі ў Іспанію чатыры месяцы таму, будучы падманутымі арганізацыяй, якая праз “Фэйсбук” распаўсюджвала фальшывыя прапановы працы ў будаўнічай сферы, абяцаючы заробак ад 2.500 да 3.000 еўра на месяц.

У работнікаў, якія прыбылі на фабрыкі, адабралі мабільныя тэлефоны, каб пазбавіць іх магчымасці мець зносіны з сем’ямі. Адзначаецца, што больш за 100 дзён іх “трымалі ў палоне”, у перапоўненых камерах, падвяргалі “экстрэмальным умовам працы, прымушаючы працаваць па 12 гадзін у суткі без аплаты” на падставе таго, што ім нібыта трэба выплаціць нейкі доўг арганізацыі за дастаўку іх у Іспанію.

“У іх была толькі ракавіна, брудны душ і маленькая мікрахвалеўка. Вокны былі заклееныя пластыкам і кардонам, каб ніхто не мог іх пабачыць звонку, і калі яны не працавалі, іх адзінай забаўкай было сядзець у сваіх пакоях, схаваўшыся ад знешняга свету”, — адзначыла іспанскае выданне.

Падзяліцца: