Мінск 10:40

Лукашэнка ў чарговы раз запрасіў у Беларусь прэзідэнта і прэм’ер-міністра Індыі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

15 жніўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз прапанаваў прэзідэнту Індыі Драўпадзі Мурму і прэм’ер-міністру Нарэндры Модзі “наведаць Мінск у зручны час” — для “знаёмства з патэнцыялам Беларусі ў розных сферах і вызначэння перспектыўных кірункаў міжнароднай супрацы”.

Віншуючы 15 жніўня індыйскае кіраўніцтва з Днём незалежнасці іх краіны, беларускі палітык заявіў, што Індыя сустракае гэтае свята “ў статусе найбольш дынамічнай буйной эканомікі свету”. “Ваша краіна ўпэўнена крочыць наперад, захоўвае сваю культурную самабытнасць і ўмацоўвае міжнародныя пазіцыі. Поспехі ў сферах тэхналогій, адукацыі і экспарту служаць прыкладам для іншых дзяржаў”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

На думку Лукашэнкі, дыялог паміж Мінскам і Нью-Дэлі “дае свой вынік”. У прыватнасці, ён заявіў пра “пазітыўную тэндэнцыю да росту двухбаковага абароту тавараў і паслуг”.

У звароце да Модзі Лукашэнка адзначыў “актыўную працу па фармаванні эканамічнай і палітычнай базы для выхаду дзвюх краін на ўзровень стратэгічнага партнёрства”, падкрэсліў, што “створаныя спрыяльныя ўмовы для нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязей, дасягнуты прагрэс у рэалізацыі сумесных праектаў — лакаматываў двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў прамысловай, фармацэўтычнай і абароннай сферах”.

“Перакананы, што мы будзем і надалей прыкладаць усе магчымыя намаганні для пашырэння сувязей праз паспяховую рэалізацыю сумесных праектаў. Спадзяюся на сустрэчу з вамі налета на платформе БРІКС у індыйскай сталіцы”, — адзначыў Лукашэнка.

У студзені 2025 года беларускі палітык, віншуючы Мурму з Днём Рэспублікі, запрасіў яе прыехаць у Мінск ці сустрэцца ў Нью-Дэлі, каб абмеркаваць “далейшыя крокі па паглыбленні супрацы”.

Пра “рашучасць вывесці двухбаковы дыялог” з Нью-Дэлі на “ўзровень стратэгічнага партнёрства” Лукашэнка заяўляў 10 чэрвеня 2024 года, віншуючы Модзі з перамогай на парламенцкіх выбарах.

Разам з тым на пачатку 2024 года, 4 студзеня, прызначаючы экс-старшыню канцэрна “Беллеспаперапрам” Міхаіла Касько амбасадарам у Індыі, ён канстатаваў, што стасункі паміж краінамі “дэградавалі”.

У жніўні 2023 года, віншуючы Модзі з Днём незалежнасці, Лукашэнка чарговы раз абнавіў запрашэнне наведаць Беларусь.

У 2017 годзе Лукашэнка наведваў Дэлі і на сустрэчы з Модзі запрасіў “найбліжэйшым часам” прыехаць у Беларусь, каб вывесці стасункі на новы ўзровень.

Запрашэнні не былі прынятыя.

Паводле даных амбасады Беларусі ў Індыі, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 566,6 млн долараў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн (даныя пра гандаль за 2022–2024 гады не прыводзяцца).

Беларусь накіроўвала ў Індыю калійныя ўгнаенні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампаненты для аўтамабільнай прамысловасці, цэлюлозу, шкловалакно, лён, сінтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяванне і прыборы ды інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчавання ды іншыя тавары.

Падзяліцца: