Мінск 17:54

“БелВітуніфарм” не выпускае вакцыны для людзей, дарагое абсталяванне прастойвае — Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: jochenpippir / pixabay.com

15 жніўня, Позірк. На прадпрыемстве “БелВітуніфарм” (вёска Доўжа ў Віцебскім раёне) “не завершаны вытворчы комплекс па выпуску вакцын, і дарагое абсталяванне прастойвае”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня на нарадзе па развіцці біяфармацэўтыкі.

“Гэта недапушчальна. Вам выдзялялі немалыя бюджэтныя грошы”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён згадаў указ № 430 ад 3 лістапада 2021 года, паводле якога на арганізацыю выпуску вакцын на “БелВітуніфарме” з розных бюджэтаў выдзялялася 68,1 млн рублёў.

Лукашэнка паспрабаваў зняць з сябе адказнасць за падпісанне дакумента: “Вы на ім настойвалі, я пагадзіўся, падпісаў указ”.

“Калі ён не выкананы, то чаму, хто адкажа? А прыходзіць да мяне чарговы раз і рабіць выгляд, што вы ні пры чым і нехта гэты ўказ не выканаў, не атрымаецца. Мне паведамляюць, асноўная праблема — так званы пакет інвестыцыйных праектаў, якія знаходзяцца ў рознай ступені гатоўнасці”, — сказаў спікер.

Лукашэнка запатрабаваў “канчаткова вызначыцца”, па якім шляху “трэба пайсці прадпрыемству для завяршэння праектаў” — або дабудоўваць вытворчасці самастойна, або прыцягнуць інвестара. Ён выказаў меркаванне, што, магчыма, “мае сэнс задзейнічаць магутнасці медыцынскіх вытворчасцей”, якія ўжо існуюць у Віцебскай вобласці, “але пакуль недазагружаныя”. У гэтым кантэксце палітык згадаў прадпрыемства “Натывіта” ў Бешанковічах.

Згодна з паведамленнем прэс-службы, “усе зацікаўленыя бакі прыйшлі да кансенсусу наконт далейшых крокаў па развіцці “БелВітуніфарм” і выпрацавалі алгарытм дзеянняў”, які вынесены на разгляд Лукашэнкі.

“Беларусь ідзе па шляху імпартазамяшчэння — да тэхналагічнага (як модна сёння казаць) суверэнітэту, дасягнуць якога немагчыма без уласных буйных вытворчасцей, — заявіў Лукашэнка. — Такіх цэнтраў, дзе існуюць уласныя навуковыя лабараторыі і распрацоўкі, дзе мысляць на 10 і 20 гадоў наперад. Віцебскі рэгіён мае ўсе перадумовы для стварэння магутнага вытворчага аб’яднання ў галіне біяфармацэўтыкі (але ці толькі Віцебскі рэгіён, трэба больш шырока казаць, у маштабах краіны). То бок можа гэта аб’яднанне працаваць і для сельскай гаспадаркі, і для медыцыны. Тэхналагічным ядром, як прапануецца зараз, павінен стаць “БелВітуніфарм”.

“БелВітуніфарм” выпускае 150 найменняў ветэрынарных прэпаратаў, у тым ліку 26 — біялагічнай прадукцыі.

Былы дырэктар прадпрыемства Сяргей Бальшакоў у лютым 2025 года быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі паводле ч. 2 і 3 арт. 210 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), арт. 426 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса з трохгадовай адтэрміноўкай выканання пакарання. Суд таксама аштрафаваў яго на 3.000 базавых велічыняў (126 тыс. рублёў).

Згодна з інфармацыяй прэс-службы Вярхоўнага суда, сярод іншага Бальшакоў “стварыў неабгрунтаваныя льготы і прывілеі” для таго, каб яго будучая жонка набыла ў Мінску кватэру, што знаходзілася ва ўласнасці прадпрыемства, танней на 2,6 тыс. рублёў ад першапачатковага кошту.

У жніўні 2023 года мужчына ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” паведаміў пра распрацоўку на прадпрыемстве, якое ён узначальваў, прэпарата ад наступстваў алкагалізму: “Гэтая вакцына не супраць алкагалізму. Гэтая вакцына для таго, каб чалавек заставаўся чалавекам, не пагаршаючы якасць жыцця, калі ўжывае алкаголь. То бок, мы будзем змагацца з вынікамі п’янства, а не з самім п’янствам”.

Да сярэдзіны снежня 2023 года на пляцоўцы “БелВітуніфарма” было выпушчана тры доследна-прамысловыя серыі вакцыны супраць кавіду, паведамляла прадпрыемства.

29 снежня 2023 года паведамлялася, што Цэнтр экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Мінздароўя зарэгістраваў айчынную інактываваную цэльнавірыённую вакцыну для медыцынскай прафілактыкі COVID-19, у распрацоўцы якой удзельнічаў і “БелВітуніфарм”.

Пра пачатак будаўніцтва завода па вытворчасці вакцын Мінздароўя паведаміла 7 лютага 2022 года, а 18 жніўня таго ж года было заяўлена, што на прадпрыемстве “БелВітуніфарм” завяршаюцца будаўніча-мантажныя работы. Для выпуску вакцыны ад кавіду быў рэканструяваны адзін паверх прадпрыемства.

Пасля падпісання Лукашэнкам вышэйзгаданага ўказу з тлумачэнняў Мінздароўя вынікала, што “Белмедпрэпараты” будуць вырабляць актыўны кампанент, а гатовую вакцыну — разліваць на магутнасцях “БелВітуніфарма”.

Ніякіх вакцын для людзей на прадпрыемстве так і не было выпушчана.

У 2019 годзе беларускія дзяржСМІ паведамлялі, што Цэнтр малекулярнай імуналогіі (Куба) і “Натывіта”, пра якое згадаў Лукашэнка на нарадзе па развіцці біяфармацэўтыкі, заключылі папярэдні дагавор аб трансферы тэхналогіі вытворчасці поўнага цыклу і кантролю якасці вакцыны для лячэння раку CIMAVAX-EG.

Праект не быў рэалізаваны. У 2020 годзе ў расследаванні тэлеканала “Белсат” сцвярджалася, што “Натывіта” на працягу некалькіх гадоў пераўпакоўвала на “Акадэмфарме” прэпараты расійскай кампаніі “Біякад” і прадавала іх у Беларусі па цэнах у некалькі разоў вышэй.

У 2024 годзе ў дачыненні да кампаніі эканамічны суд Віцебскай вобласці ўзбудзіў вытворчасць па справе аб банкруцтве, якая завяршылася ў верасні таго ж года. Яго ініцыятарам выступіла Віцебскае абласное ўпраўленне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Згодна з вызначэннем суда, сума непагашанай запазычанасці СТАА “Натывіта” на травень 2024 года (дату падачы крэдыторам заявы) склала амаль 30 тысяч рублёў. Пры гэтым маёмасці, дастатковай для задавальнення патрабаванняў, крэдытор не вызначыў.

Падзяліцца: