Мінск 22:53

Мінэнерга рыхтуецца прадставіць ураду абгрунтаваныя варыянты павелічэння атамнай генерацыі

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба БелАЭС

16 жніўня, Позірк. Міністэрства энергетыкі рыхтуецца прадставіць Савету міністраў абгрунтаваныя варыянты павелічэння атамнай генерацыі, вынікае з заявы кіраўніка ведамства Дзяніса Мароза ў абнародаваным 16 жніўня інтэрв’ю тэлеканалу АНТ.

Чыноўнік паведаміў, што летась узровень унутранага спажывання электраэнергіі дасягнуў рэкорднага значэння — 43,2 млрд кілават-гадзін.

“Мы бачым, што гэтыя тэндэнцыі будуць захаваныя, — сказаў Мароз. — Калі бачым бурны рост спажывання электрычнай энергіі, мы <…> задумваемся (і кіраўнік дзяржавы паставіў перад намі гэту сур’ёзную задачу — правесці тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне), як далей энергетыка павінна развівацца. Цяпер гэта тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне знаходзіцца ў завяршальнай стадыі”.

Паводле слоў чыноўніка, у абгрунтаванні разглядаюцца два варыянты: даданне трэцяга блока магутнасцю 1.200 МВт на Беларускай АЭС альбо збудаванне “новай атамнай электрастанцыі недзе на асобнай тэрыторыі”.

Станоўчым бокам першага варыянта міністр назваў тое, што на БелАЭС ужо створаная ўся неабходная інфраструктура для эксплуатацыі дадатковага блока. Плюс другога варыянту ў тым, што новая станцыя “ў любым выпадку будзе будавацца двухблочнай”: “Гэта значыць будзе большага аб’ёму генерацыя, больш устойліва будзе працаваць энергасістэма і на больш працяглы перыяд такое рашэнне гарантуе энергетычную бяспеку нашай краіны”.

“Гэтыя параметры ў рамках тэхніка-эканамічнага абгрунтавання паміж сабой параўноўваюцца, у бліжэйшы час будзе дакладзена на ўзровень урада, а потым — на ўзровень прэзідэнта, каб прымаць канчатковае рашэнне”, — заявіў ён.

Мароз прызнаў, што збудаванне магутнага энергетычнага аб’екта стварае “пэўныя тэхналагічныя цяжкасці ў вырашэнні пытанняў інтэграцыі гэтага генератара ў энергасістэму”.

У дакуменце таксама абгрунтоўваецца неабходнасць выкарыстаць “прамысловыя сістэмы назапашвання” электраэнергіі, якія, паводле слоў Мароза, зараз таннеюць. Назапашвальнік, які “ўначы будзе зараджацца, а ўдзень — аддаваць электрычную энергію”, як вынікае з тлумачэнняў чыноўніка, патрэбны, каб бяспечна інтэграваць новы аб’ект генерацыі ў энергасістэму.

На пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці 14 жніўня Мароз заяўляў, што Мінэнерга знаходзіцца “ў стадыі дэталёвага абмеркавання тэхніка-эканамічнага абгрунтавання збудавання новай АЭС або трэцяга энергаблока на дзейнай”.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася ўвосені 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекта, пераважна за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў “Расатам”. Першы блок сілкуе энергасістэму з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га; у прамысловую эксплуатацыю яны ўведзеныя ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

На працягу апошніх гадоў Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра магчымасць будаўніцтва другой атамнай станцыі. Ён даручаў чыноўнікам ацаніць мэтазгоднасць павелічэння колькасці энергаблокаў БелАЭС або збудавання яшчэ аднаго ядзернага энергетычнага аб’екта.

Падчас выступу ў Савеце Федэрацыі РФ 14 лютага ён заявіў, што Беларусі “трэба будзе больш электраэнергіі”, таму ўлады ў Мінску “папрасілі расіян, калі маецца магчымасць, пабудаваць другую электрастанцыю”.

Паводле яго слоў, другую АЭС можна пабудаваць на “ўсходніх межах”: “Калі раптам што, Бранскую і іншыя вобласці, і новыя рэгіёны Расіі мы можам забяспечыць электрычнасцю”. Пад “новымі рэгіёнамі” ён, відавочна, меў на ўвазе анексаваныя РФ тэрыторыі Украіны.

31 сакавіка Мароз паведаміў журналістам, што Беларусь рыхтуецца да тэхнічных перагавораў з РФ пра будаўніцтва ў Беларусі другой атамнай электрастанцыі.

У сярэдзіне красавіка кіраўнік другога дэпартамента краін СНД Міністэрства замежных спраў РФ Аляксей Палішчук заявіў у інтэрв’ю МІА “Россия сегодня”, што “цяпер разглядаюцца варыянты будаўніцтва ў Беларусі або дадатковага, трэцяга, энергаблока ўжо дзейнай БелАЭС у Астраўцы, або новай двухблочнай АЭС у Магілёўскай вобласці”.

Паводле яго слоў, профільныя ведамствы Беларусі і РФ сфармавалі працоўную групу для абмеркавання тэхнічных і фінансавых умоў праекта.

Беларускія ўлады і прапаганда ад моманту ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі і ў наступныя гады запэўнівалі, што ўзвядзенне АЭС вельмі выгаднае для жыхароў Беларусі.

Аднак сярэдняя цана на электраэнергію (у разліку за 100 кВт⋅г) у Беларусі ў першым квартале 2025 года склала 27,34 рубля — на 8,9% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (25,11), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені — сакавіку 2023-га яна была 24,12 рубля. Такім чынам, за два гады цана вырасла на 13,3%.

Падзяліцца: