Мінск 17:46

ДПК паведаміў аб аднаўленні працы пункта пропуску Каменны Лог на мяжы з Літвой

19 жніўня, Позірк. Аб аднаўленні працы пункта пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку Мядзінінкай) паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК).

“Працы па наладжванні беларускім бокам праграмнага забеспячэння праводзіліся 19 жніўня з 11:30 да 14:15”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней ДПК паведаміў аб прыпыненні “пропуску аўтамабіляў і фізічных асоб” у абодвух напрамках.

” Часовае спыненне афармлення звязанае з наладжваннем праграмнага забеспячэння”, — адзначала ведамства.

19 жніўня “Позірк” паведамляў аб рэкордных чэргах аўтобусаў у пункце пропуску Брэст (з польскага боку Цярэспаль).

Брэст — адзіны даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы. Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (з беларускага боку — Бераставіца).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: