Мінск 22:03

Прапановы АПК па Беларусі будуць аператыўна перададзеныя ў сталіцы дзяржаў, якія бралі ўдзел у перамовах у Вашынгтоне — Латушка

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 20 жніўня 2025 года ў 21:08

Павел Латушка
Фота: "Позірк"

20 жніўня, Позірк. Павел Латушка ад імя Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) працягвае ў Варшаве кансультацыі з амбасадарамі краін, кіраўнікі якіх бралі ўдзел у перамовах пра лёс мірнай дамовы паміж Расіяй і Украінай у Вашынгтоне 18 жніўня.

“Учора (19 жніўня. — “Позірк”.) адбыліся сустрэчы з амбасадарам Фінляндыі, з часовай паверанай у справах Францыі ў Польшчы, таксама ў МЗС Польшчы. Сёння прайшлі сустрэчы з амбасадарам Італіі і намеснікам амбасадара Вялікабрытаніі, заўтра запланаваная сустрэча з часовым павераным у справах Германіі, плануюцца кантакты з украінскімі дыпламатамі, накіраваны запыт на сустрэчу з прадстаўнікамі ЗША”, — паведаміў “Позірку” Латушка, які з’яўляецца намеснікам дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у АПК.

Паводле яго слоў, гэтыя прапановы будуць аператыўна перададзеныя ў сталіцы дзяржаў, што прадстаўленыя кіраўнікамі дыпламатычных місій.

17 жніўня АПК накіраваў еўрапейскім лідарам ліст з падтрымкай тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, заклікам “не пакідаць Беларусь у распараджэнні Крамля як “суцяшальны прыз”, узмацніць ціск на Лукашэнку і дамагацца яго міжнароднай адказнасці”.

18 жніўня перад сустрэчай Уладзіміра Зяленскага і еўрапейскіх лідараў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Вашынгтоне Ціханоўская заявіла аб падтрымцы прэзідэнта Украіны.

“Мы даводзім пазіцыю важнасці ўлічваць сітуацыю ў Беларусі пры выпрацоўцы формулы гарантыі бяспекі ў Еўропе. Мы падкрэсліваем, што ўнутрыпалітычны крызіс, створаны рэжымам Лукашэнкі, звязаны з беспрэцэдэнтным узроўнем рэпрэсій у дачыненні да беларускага грамадства, стварае сітуацыю, калі Беларусь не можа з’яўляцца гарантам бяспекі ў Еўропе. Толькі змяненне ўнутранай рэпрэсіўнай палітыкі, дыялог з беларускім грамадствам стварае перадумовы, калі Беларусь перастане быць пагрозай для Украіны, суседзяў, краін — сябраў ЕС і НАТО“, — заявіў “Позірку” Латушка ў першы дзень кансультацый з замежнымі дыпламатамі.

У перамовах з Трампам апроч Зяленскага ўзялі ўдзел канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэзідэнты Францыі Эманюэль Макрон і Фінляндыі Аляксандр Стуб, прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі Кім Стармер і Італіі Джорджа Мелоні, прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен (Германія), генеральны сакратар НАТО Марк Рутэ (Нідэрланды).

Падзяліцца: