Мінск 16:20

Крымінальная справа чарговага памерлага ваеннага злачынцы накіравана ў Вярхоўны суд

22 жніўня, Позірк. Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд крымінальную справу па абвінавачванні памерлага кіраўніка падраздзялення дапаможнай паліцыі Аляксандра Ермольчыка.

Яму інкрымінаваны арт. 127 Крымінальнага кодэкса (генацыд).

Згодна з матэрыяламі справы, Ермольчык, з’яўляючыся ўдзельнікам, а затым і кіраўніком Хойніцкага падраздзялення дапаможнай паліцыі, “наўмысна пазбавіў жыцця не менш за 246 чалавек, уключаючы не менш за 37 дзяцей, а таксама рабіў замах на пазбаўленне жыцця яшчэ не менш чым васьмі чалавек”.

Гэта пятая накіраваная ў суд крымінальная справа ў дачыненні да памерлых карнікаў.

У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пры гэтым пад беларускім народам “для мэтаў гэтага закона разумеюцца савецкія грамадзяне, што пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 130² КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў пазбаўлення волі, за паўторнае парушэнне — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе праследаваць памерлых у крымінальным парадку. З таго часу было праведзена некалькі судовых працэсаў у дачыненні да даўно памерлых ваенных злачынцаў.

Незалежныя гісторыкі і эксперты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць змест кнігі “Генацыд беларускага народа”, якая выйшла пад рэдакцыяй Шведа. У ёй сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўняна антысавецкае супраціўленне ў першыя пасляваенныя гады.

Крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа была распачатая ў красавіку 2021 года.

18 сакавіка 2024 года Вярхоўны суд прызнаў вінаватым паводле арт. 127 КК (генацыд) украінца Уладзіміра Катрука, якога абвінавацілі ў спаленні вёскі Хатынь. Улічваючы яго смерць у 2015 годзе, пакаранне не прызначалася.

30 снежня таго ж года ВС прызнаў вінаватым паводле арт. 127 КК без прызначэння пакарання карніка Хатыні Канстанціна Смоўскага.

28 сакавіка 2025 года ВС Прызнаў памерлага ў Вялікабрытаніі ў 1997 годзе Сямёна Серафімовіча вінаватым паводле арт. 127 КК.

4 жніўня Швед накіраваў у Вярхоўны суд крымінальную справу па абвінавачванні памерлага камандзіра першай роты 118-га батальёна ахоўнай паліцыі Восіпа Вінніцкага.

Падзяліцца: