Мінск 15:10

Чарга на ўезд у Польшчу зноў вырасла, зменшылася ў Літву і Латвію

Ілюстрацыя: ДМК

23 жніўня, Позірк. 5.190 легкавых аўтамабіляў і 116 аўтобусаў чакала выезду з Беларусі ў Еўрасаюз на 10 гадзін 23 жніўня, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз аператыўных звестак Дзяржпагранкамітэта з памежных пераходаў.

Суткамі раней на гэты час было 5.340 машын і 100 аўтобусаў, год таму — 640 аўтамабіляў (у 8,1 раза менш) і 82 аўтобусы.

Найбольш загружаным напрамкам застаецца Польшча. На 10 гадзін у пункце пропуску Брэст (з польскага боку Цярэспаль) было 4.660 легкавых аўтамабіляў (4.630 у гэты ж час суткамі раней). Больш за ўсё аўтамабіляў — 4.770 — сабралася тут у 2 гадзіны ночы 20 жніўня.

На тым жа пункце пропуску знаходзілася 116 аўтобусаў (100 суткамі раней). Рэкорд быў зафіксаваны ў 12 гадзін 19 жніўня — 157. Чарга пачала хутка павялічвацца 15 жніўня. Калі на пачатак сутак яна складала 48 аўтобусаў, то на канец — 95 (максімум у той дзень — 110).

Пасля рэзкага росту трохі зменшыліся чэргі на ўезд у краіны Балтыі. У пункце пропуску Грыгароўшчына (з латвійскага боку Патэрніекі) сабралася 100 легкавых аўтамабіляў (120 суткамі раней), у Беняконях (з літоўскага боку Шальчынінкай) — 280 (340), у Каменным Логу (Мядзінінкай) — 150 (250). Чэргаў аўтобусаў у гэтым кірунку не было.

Раней Дзяржпагранкамітэт заяўляў, што “закладнікамі сітуацыі, якая стала вынікам дзеянняў польскіх службаў, апынуліся звычайныя турысты, сярод якіх шмат грамадзян з краін Еўрасаюза”.

Польскія памежнікі тлумачылі павольнае праходжанне мяжы неабходнасцю больш дбайнай праверкі.

Брэст — адзіны даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

19 верасня 2023 года праз узрослы паток нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: