Мінск 13:53

За тыдзень беларускім бязвізам скарысталася 5,7 тыс. еўрапейцаў

25 жніўня, Позірк. З 18 па 25 жніўня ў Беларусь без віз уехала 5.748 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 6.980), вынікае са звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта.

За апошні тыдзень у Беларусь прыбыло 2.386 грамадзян і неграмадзян Латвіі (2.586), 1.457 грамадзян Літвы (1.993), 600 грамадзян Польшчы (713) і 1.305 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (1.688).

Усяго з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведала 1.191.815 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыло 381.159, з Літвы — 644.077, з Польшчы — 120.725. У рамках пашыранага бязвізу з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехалі 45.854 замежныя грамадзяне.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Падзяліцца: