Мінск 12:15

Чэргі аўтамабіляў і аўтобусаў на ўезд у Польшчу працягваюць змяншацца

Крыніца: ДПК

26 жніўня, Позірк. 4.868 легкавых аўтамабіляў і 30 аўтобусаў чакала выезду з Беларусі ў Еўрасаюз на 10 гадзін 26 жніўня, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз аператыўных звестак Дзяржпагранкамітэта з памежных пераходаў.

Суткамі раней на 10 гадзін было 5.040 легкавых аўтамабіляў і 48 аўтобусаў, год таму — 560 аўтамабіляў (у 8,7 раза менш) і 70 аўтобусаў.

Самым загружаным напрамкам застаецца Польшча. На 10 гадзін у пункце пропуску Брэст (з польскага боку Цярэспаль) было 4.328 легкавых аўтамабіляў (4.500 у гэты ж час суткамі раней). Больш за ўсё аўтамабіляў — 4.770 — сабралася тут у 2 гадзіны ночы 20 жніўня.

На тым жа пункце пропуску знаходзілася 27 аўтобусаў (43 суткамі раней, скарачэнне на 37,2%). Рэкорд быў зафіксаваны ў 12 гадзін 19 жніўня — 157. Чарга пачала хутка павялічвацца 15 жніўня. Калі на пачатак сутак яна складала 48 аўтобусаў, то на канец — 95 (максімум у той дзень — 110).

На мяжы з краінамі Балтыі істотных зменаў не адбылося. У пункце пропуску Грыгароўшчына (з латвійскага боку Патэрніекі) сабралася 80 легкавых аўтамабіляў (70 суткамі раней) і 3 аўтобусы (5), у Беняконях (з літоўскага боку Шальчынінкай) — 160 (170), у Каменным Логу (Мядзінінкай) — 300 (300). Чэргаў аўтобусаў у літоўскім кірунку, як і суткамі раней, не было.

Раней Дзяржпагранкамітэт заяўляў, што “закладнікамі сітуацыі, якая стала вынікам дзеянняў польскіх службаў, апынуліся звычайныя турысты, сярод якіх шмат грамадзян з краін Еўрасаюза”.

Польскія памежнікі тлумачылі павольнае праходжанне мяжы неабходнасцю больш дбайнай праверкі.

Брэст — адзіны даступны для падарожнікаў аўтамабільны пункт пропуску на мяжы Беларусі і Польшчы.

Пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла другі аўтамабільны пункт — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (Лоша) і Твярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

19 верасня 2023 года праз узрослы паток нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: