Мінск 17:56

Мінадукацыі абяцае не караць дзяцей за карыстанне тэлефонам у школе

Крыніца: freepik.com

28 жніўня, Позірк. Да вучняў, якія “пранясуць мабільныя тэлефоны на ўрокі”, не будуць прымяняцца меры пакарання, заявіла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 28 жніўня намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.

“Возьмем той жа цэнтралізаваны экзамен — колькі ўжо пра гэта гаворым і на ўваходзе правяраем. Не абшукваем, нагадваем, і настаўнікі нагадваюць. І кожны год знойдзецца той, хто ўсё ж такі адзін тэлефон паспрабаваў здаць ля ўваходу, а з другім тэлефонам прайсці і гэты тэлефон у самы непадыходны момант, то зазвоніць, то засвеціцца, то выпадзе”, — сказала чыноўніца.

Прадстаўніца Мінадукацыі падкрэсліла, што ў ведамстве “не маюць ілюзій” і разумеюць, што з 1 верасня “будуць рабяты спрабаваць прынесці мабільны тэлефон”.

“Ну якое пакаранне? Толькі тлумачэнне, толькі перакананні, толькі праца з бацькамі, з навучэнцамі. Мы разумеем, што першая чвэрць, яна будзе ў гэтым плане як раз-такі найбольш актыўная”, — адзначыла Каржова.

На яе думку, дзеці ў выніку самі ўбачаць, што “жывыя зносіны, а да іх трэба ўжо, аказваецца, прывыкаць, да іх трэба ўжо прывучаць, яны будуць цікавыя”.

“Тут толькі перакананні, тлумачэнні, зацікавіць, актыўная праца і з бацькамі, і з навучэнцамі”, — паўтарыла прадстаўніца ведамства.

З 1 верасня ўступае ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі № 136 “Аб змяненні пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2022 г. № 227”. Дакумент сярод іншага накіраваны на абмежаванне выкарыстання прылад мабільнай сувязі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Пастанова ўносіць змены ў Правілы бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. З новага навучальнага года мабільныя прылады вучні будуць здаваць у спецыяльныя камеры захоўвання перад пачаткам заняткаў, забраць тэлефоны будзе можна пасля ўрокаў.

Раней дзяржаўнае выданне “Мінская праўда” паведамляла, што ў выпадку, калі ў вучня знойдуць тэлефон падчас урока, ён павінен будзе напісаць тлумачальную, а “пры паўторным парушэнні будзе спагнанне”.

Як удакладніў тэлеграм-канал “Настаўнікі сталіцы”, “у выпадку аднаразовага парушэння правілаў карыстання прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) навучэнец павінен напісаць тлумачальную запіску з указаннем прычыны парушэння”. Класны кіраўнік ці настаўнік робіць вучню запіс у дзённік.

“Пры паўторным факце парушэння правілаў карыстання прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) ажыццяўляецца канфіскацыя тэлефона ў навучэнца. Ва ўстанову адукацыі запрашаюцца бацькі (законныя прадстаўнікі), і пасля гутаркі з дырэктарам (членам адміністрацыі) ім вяртаецца прылада мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі). На навучэнца накладаецца спагнанне, вызначанае дырэктарам установы адукацыі”, — гаворыцца ў паведамленні канала.

Забарона на выкарыстанне сродкаў мабільнай сувязі закране не толькі вучняў, але і настаўнікаў. Паводле зменаў у Правілах бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, “выкарыстанне педагагічнымі работнікамі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі прылад мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) падчас адукацыйнага працэсу не дапускаецца”.

Пры гэтым у дакуменце не канкрэтызуецца, дзе будуць захоўваць свае тэлефоны выкладчыкі, тады як алгарытм захоўвання для вучняў распісаны падрабязна.

Раней на прэс-канферэнцыі 28 жніўня Каржова дала зразумець, што ў Мінадукацыі няма ўяўлення пра тое, як кантраляваць выкананне забароны на выкарыстанне мабільных тэлефонаў настаўнікамі. Чыноўніца пацвердзіла, што настаўнікам будзе забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас урока, аднак забіраць іх у педагогаў на гэты час не будуць.

Пры гэтым, паводле яе слоў, у настаўніка павінна быць экстраная сувязь, бо “ўсякае можа здарыцца”.

“Мы гэта таксама разумеем, таму якім чынам гэта будзе кантралявацца… А як адміністрацыя ўстановы адукацыі кантралюе якасць арганізацыі адукацыйнага працэсу? Урэшце, ёсць тое ж сарафаннае радыё”, — сказала Каржова.

“Калі з’явіцца нядбайны настаўнік, які ўсё ж такі выкажа жаданне, уткнуўшыся носам, весці перапіску па мабільным тэлефоне, мы ж разумеем, усё таемнае становіцца відавочным, гэта справа часу”, — дадала прадстаўніца ведамства.

Падзяліцца: