Мінск 16:03

У польскім спісе “непажаданых асоб” знаходзіцца 2,2 тыс. грамадзян Беларусі — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

3 верасня, Позірк. На канец першага паўгоддзя 2025 года ў спісе асоб, знаходжанне якіх на тэрыторыі Польшчы непажаданае, фігуравала 31 тыс. замежнікаў. Пра гэта паведаміла выданне “Рэч Паспаліта” са спасылкай на інфармацыю Упраўлення па справах замежнікаў.

У матэрыяле адзначаецца, што ў спісе “непажаданых асоб”, які вядзе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА), сярод іншых былі грамадзяне Украіны — 5,9 тыс. (з іх 4,2 тыс. асуджана канчатковым абвінаваўчым выракам), Грузіі — 4,2 тыс. (1,2 тыс.). Афганістана — 2,4 тыс. (300), Беларусі — 2,2 тыс. (500), Расіі — 1,9 тыс. (100). Усе даныя ў арыгінальным тэксце акругленыя, а значыць, як можна меркаваць, з’яўляюцца прыблізнымі.

Адзначаецца таксама, што з 63 парушальнікаў парадку (57 украінцаў і 6 беларусаў), рашэнне пра дэпартацыю якіх было прынятае пасля канцэрта беларускага рэпера Макса Каржа 9 жніўня ў Варшаве, цяпер прымусова дэпартавана толькі 13.

Пры гэтым 25 жніўня Польская памежная ахова заяўляла, што пасля мерапрыемства ўжо дэпартаваныя 23 замежнікі, у тым ліку два беларусы. Раней паведамлялася, што 10 з іх выехалі добраахвотна (у тым ліку адзін беларус). Такім чынам, з 25 жніўня колькасць прымусова дэпартаваных парушальнікаў не змянілася.

У матэрыяле адзначаецца, што замежнік трапляе пад “рашэнне пра вяртанне” (і забарону на ўезд у Польшчу), напрыклад, калі ён уехаў у краіну нелегальна або не мае дзейнай візы; заехаў, маючы забарону на ўезд у краіны Шэнгенскага пагаднення; быў злоўлены на нелегальнай працы. У спіс таксама ўваходзяць замежнікі, асуджаныя за наўмысныя злачынствы (тэрмін пакарання — больш за адзін год), а таксама асобы, якія знаходзяцца ў польскім або міжнародным санкцыйным спісе за агрэсію Расію супраць Украіны.

У пераліку таксама фігуруюць “злачынцы з іншых краін ЕС, напрыклад, якія маюць польскі дазвол на жыхарства, а таксама замежнікі, якія, нягледзячы на ​​фармальна бездакорную гісторыю, ацэньваюцца спецслужбамі — у сакрэтным рашэнні — як небяспечныя або падазроныя”, адзначаецца ў публікацыі.

Спіс юрыдычных і фізічных асоб, у дачыненні да якіх МУСіА ўвяло санкцыі, дасяжны на сайце ведамства.

7 жніўня ў гэты пералік было дададзенае беларускае прадпрыемства “ГрандГраніт” і звязаныя з ім асобы. 22 ліпеня Варшава ўвяла санкцыі ў дачыненні да кіроўнай арганізацыі холдынгу “Беларуская цэментная кампанія”. 9 ліпеня стала вядома, што Польшча прыняла абмежавальныя меры ў дачыненні да беларускага бізнесмена Аляксандра Машэнскага. Некалькімі днямі пазней зарэгістраваная ў Казахстане кампанія QARTREE LLP, за якой стаіць Беларусь, таксама была ўнесеная ў польскі санкцыйны спіс за экспарт расійскай і беларускай фанеры.

Падзяліцца: