Мінск 19:02

Мінінфарм і БПЦ маюць намер змагацца з уплывам “выданняў, што прыходзяць звонку”

Ілюстрацыйнае фота: Leonardo Baldissara / unsplash.com

3 верасня, Позірк. Абноўленае пагадненне аб супрацы паміж Міністэрствам інфармацыі і Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы (БПЦ) падпісалі 3 верасня профільны міністр Марат Маркаў і патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.

“Прайшлі гады, змяніўся фармат зносін, змяніліся планы на будучыню, і сёння мы падпісалі абноўленую рэдакцыю пагаднення, — цытуе праваслаўнага іерарха прэс-служба БПЦ. — У ёй абазначаныя важныя пазіцыі сённяшняга дня — гэта сумесная праца па выхаванні маладога пакалення з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і разам з тым супрацьдзеянне той негатыўнай працы, якая часам можа весціся праз тыя выданні, што прыходзяць звонку. Гэтая праца разам дасць большы вынік”.

У сваю чаргу Маркаў падкрэсліў, што ў Беларусі выдаецца “вялікая колькасць кніг, і гэта добра”, але “яшчэ большая колькасць кніг прыходзіць у Беларусь з-за мяжы”.

“І яны часта не адпавядаюць нашым каштоўнасцям або нават ўтрымліваюць наўпрост прапаганду тых каштоўнасцей, якіх мы не павінны мець. У гэтым кірунку мы заўсёды працавалі сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, то бок маніторылі прастору. А ў гэтым пагадненні мы прапісалі норму, што сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой у гэтым напрамку мы таксама будзем працаваць”, — заявіў чыноўнік.

На думку Маркава, пагадненне паспрыяе “выпуску тых кніг, што напоўненыя духоўным сэнсам і адлюстроўваюць тыя каштоўнасці, якія культывуюцца” ў беларускім грамадстве. “Калі мы не будзем гэтага друкаваць і не будзем гэта культываваць, за нас прыдумаюць іншыя каштоўнасці”, — сказаў ён.

“Больш за тое, калі знікне інтэрнэт, застанецца толькі напісанае слова, і гэтаму слову будуць верыць. Для нас вельмі важна, каб гэтае напісанае слова было каштоўным для нас, духоўным. Мы не навязваем нікому каштоўнасцей, але вельмі хочам захаваць свае”, — дадаў міністр.

Міністэрства інфармацыі практыкуе ўвядзенне забаронаў на кнігі. У траўні ў спіс забароненых выданняў было ўнесена 18 кніг, у жніўні — яшчэ 31.

Да “шкодных” Мінінфарм адносіць “друкаваныя выданні, якія скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць, прапагандуюць нетрадыцыйныя сэксуальныя стасункі, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, якія распальваюць варожасць і нянавісць, папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры, а таксама выданні пра палавое выхаванне дзяцей, здольныя ўчыніць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленне пра сапраўдныя сямейныя каштоўнасці”.

У Беларусі з 2009 года працуе Грамадскі савет па маральнасці, яе заснавальнікі — БПЦ і праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Узнавіў актыўнасць у лістападзе 2023 года.

Падзяліцца: