Мінск 23:54

Аўстрыйскія дэпутаты заклікалі да неадкладнага вызвалення Марыі Калеснікавай

Марыя Калеснікава
Архіўнае фота: "Белсат"

4 верасня, Позірк. Чатыры дэпутаты Нацыянальнага савета Аўстрыі (ніжняя палата парламента), якія прадстаўляюць розныя палітычныя партыі, падчас сустрэчы з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай падпісалі сумесную заяву, у якой заклікалі да неадкладнага вызвалення Марыі Калеснікавай і ўсіх палітвязняў у Беларусі. Пра гэта паведаміў “Позірку“ галоўны дарадца дэмлідара Франак Вячорка.

Заява прымеркаваная да пятай гадавіны затрымання Марыі Калеснікавай. Яна была фактычна выкрадзеная ў цэнтры Мінска 7 верасня 2020 года беларускімі спецслужбамі, якія паспрабавалі вывезці яе ва Украіну.

Подпісы пад дакументам паставілі дэпутаты Петра Байр (сацыял-дэмакраты), Андрэас Мініх (Аўстрыйская народная партыя), Фейт Дэнглер (лібералы) і Мэры Дзісоскі (зялёныя).

У заяве адзначаецца, што Калеснікава знаходзіцца ў ізаляцыі, пазбаўленая кантакту са знешнім светам, не мае доступу да належнай медыцынскай дапамогі і юрыдычнай абароны. Паводле слоў дэпутатаў, гэта не толькі палітычна матываванае заключэнне, але і парушэнне міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека, якое мае прыкметы жорсткага і зневажальнага абыходжання.

“Гэта наш дэмакратычны абавязак — не маўчаць, калі такія адважныя людзі, як Марыя Калеснікава, церпяць за свае перакананні. Яна сімвалізуе ўсіх тых, хто быў заключаны ў Беларусі за мірную дзейнасць дзеля дэмакратыі і правоў чалавека“, — падкрэсліваецца ў заяве дэпутатаў.

У Нацыянальным савеце Аўстрыі пяць партый. Пятая — ультраправая Аўстрыйская партыя свабоды. У яе найбуйнейшая фракцыя, але яна разам з зялёнымі знаходзіцца ў апазіцыі.

Іншыя падрабязнасці сустрэчы даступныя падпісчыкам “Позірк+” (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: