Мінск 01:42

Ціханоўская абмеркавала с міністрам па еўрапейскіх справах Аўстрыі, як зрабіць Беларусь пастаяннай тэмай на парадку дня ЕС

Клаўдыя Плякольм (справа) і Святлана Ціханоўская
Фота: акаўнт Клаўдыі Плякольм у "Х"

4 верасня, Позірк. Як зрабіць Беларусь пастаяннай тэмай на парадку дня Еўрапейскага саюза, абмеркавалі Святлана Ціханоўская і міністр па еўрапейскіх справах Аўстрыі Клаўдыя Плякольм.

Сустрэча адбылася ў Офісе канцлера Аўстрыі 4 верасня ў межах візіт дэмлідара ў Вену, паведаміў “Позірку” яе галоўна дарадца Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, Ціханоўская падзякавала Аўстрыі за прынцыповую пазіцыю ў структурах Еўрапейскага саюза, падкрэсліла, што апошнія вызваленні палітвязняў — вынік супольных намаганняў ЗША і ЕС. Але, нагадала яна, у турмах застаюцца больш за 1.300 чалавек і вызваленне ўсіх іх павінна стаць агульнай мэтай дэмакратычных сіл Беларусі і Еўрасаюза.

Бакі абмеркавалі магчымасць уключэння Беларусі ў еўрапейскія і аўстрыйскія праграмы падтрымкі СМІ, культурных ініцыятыў і моладзі. На меркаванне Ціханоўскай, патрэбна больш адукацыйных праектаў, стыпендый, стажыровак і абменаў, каб беларусы маглі падарожнічаць і атрымліваць еўрапейскую адукацыю і неабходны досвед. “Размаўлялі пра ўвядзенне стыпендый для беларусаў у аўстрыйскіх універсітэтах, а таксама арганізацыю культурных мерапрыемстваў”, — сказаў Вячорка.

Плякольм на сваёй старонцы ў “Х” (былы “Твітар”) напісала, што Аўстрыя “працягне нязменна падтрымліваць народ Беларусі ў яго дэмакратычных памкненнях і барацьбе за свабодную, дэмакратычную і суверэнную будучыню”. “Я з нецярпеннем чакаю працягу нашага супрацоўніцтва!” — дадала яна.

Іншыя падрабязнасці даступныя падпісчыкам “Позірк+” (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: