Мінск 21:57

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 14 чалавек, у тым ліку грамадзянку Вялікабрытаніі

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

5 верасня, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ 14 чалавек, вынікае з сумеснай заявы, апублікаванай 5 верасня ў тым ліку на сайце цэнтра “Вясна”.

Адпаведны статус атрымалі ўзятыя пад варту або прыгавораныя да пазбаўлення волі “ў сувязі з прызнаннем пратэстных ініцыятыў экстрэмісцкімі фарміраваннямі” Вольга Нікалаева, Раман Весялоўскі, Андрэй Матусенка, Кірыл Лескець, Аляксандр Дулеба, Алеся Вяроўкіна, Ірына Кішкурна, Таццяна Мінец, Ігар Караткоў, Дзмітрый Трухан, Юлія Феннер, Таццяна Стасева, Аляксандр Рыбчанка, Кірыл Худзякоў.

Праваабаронцы ў чарговы раз адзначылі, што ўлады выкарыстоўваюць “пазбаўленне волі і крымінальную адказнасць за розныя формы пратэстнай актыўнасці” ў якасці інструмента “задушэння грамадзянскага і палітычнага супраціву, іншадумства і антываенных выказванняў”.

Аўтары заявы нагадалі, што ў 2021 годзе крымінальнае заканадаўства было “істотна пастрожанае і дапоўненае новымі складамі злачынстваў”, якія ўлады “выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій”.

“Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змяненняў у дзяржаве і палітыцы, што ў ёй праводзіцца, — гаворыцца ў заяве. — Шэраг СМІ таксама прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Гэта адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў як непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў”.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць пералічаных асоб, а таксама ўсіх палітвязняў, спыніць палітычныя рэпрэсіі.

Апрача “Вясны” заяву падпісалі “Прававая ініцыятыва”, Lawtrend, Respect-Protect-Fulfill, Беларускі ПЭН, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Human Constanta, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі Камітэт.

Згаданая Юлія Феннер, паводле інфармацыі “Вясны”, мае падвойнае грамадзянства — Беларусі і Вялікабрытаніі. Жанчыну, якой цяпер 52 гады, затрымалі ў сакавіку 2024-га пры спробе ўехаць у Беларусь.

Паведамляецца, што Феннер інкрымінавалі ч. 2 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), а таксама ч. 1 і 2 арт. 3641 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 21 жніўня 2025 года яна была прыгавораная да 7 гадоў пазбаўлення волі.

На 5 верасня ў Беларусі 1.198 чалавек, якіх адпаведная група праваабарончых арганізацый прызнае палітвязнямі. Рэальная колькасць людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна большая.

Падзяліцца: