Мінск 17:49

У Брэсцкай вобласці 9 верасня зноў будзе правераная сістэма апавяшчэння — дзявяты раз ад пачатку года

Ілюстрацыйнае фота: news9.com

8 верасня, Позірк. Чарговая “планавая тэхнічная праверка” сістэмы апавяшчэння насельніцтва пройдзе 9 верасня ў Брэсцкай вобласці, паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле інфармацыі ведамства, у рамках праверкі, што запланаваная на 12:00–13:00, “будуць уключацца электрасірэны, пройдзе перахоп УКХ-FM вяшчання на тэрыторыі вобласці”.

МНС традыцыйна заклікала грамадзян “захоўваць спакой”, папярэдзіўшы, што “ніякіх дзеянняў не патрабуецца”.

Гэта будзе першая праверка сістэмы апавяшчэння ўвосень і дзевятая ад пачатку 2025 года. Раней сістэму выпрабоўвалі 12 жніўня, 21 і 8 ліпеня, 30 і 10 чэрвеня, 27 траўня, 22 і 8 красавіка.

У Гомельскай вобласці аналагічныя праверкі праводзіліся 21 жніўня, 17 ліпеня, 19 чэрвеня, 20 сакавіка і 30 студзеня; у Мінскай — 13 жніўня, 11 чэрвеня і 16 красавіка; у Магілёве — у рамках вучэнняў 15–17 красавіка.

13 сакавіка планавая праверка сістэмы апавяшчэння прайшла па ўсёй Беларусі.

Пра прычыны такіх частых праверак сістэм апавяшчэння МНС не паведамляе. Разам з тым звяртае на сябе ўвагу той факт, што праверкі праводзяцца ў тым ліку ў абласцях, якія мяжуюць з Украінай, куды рэгулярна ўрываюцца беспілотныя лятучыя апараты, якія, як мяркуецца, належаць Расіі.

У Беларусі зафіксавана некалькі выпадкаў падзення дронаў на будынкі (у тым ліку ў Мінску), аднак інфармацыі пра тое, што пры гэтым актывавалася сістэма апавяшчэння, няма.

З пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны праверкі сістэм апавяшчэння сістэматычна праходзяць, напрыклад, у Літве, Польшчы, Чэхіі. Для гэтага выкарыстоўваюцца рэпрадуктары на вуліцах, праз якія перадаецца паведамленне і гучыць сірэна.

Падзяліцца: