Мінск 14:43

Адзначыўшы падабенства маральных каштоўнасцяў Беларусі і КНДР, Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць наведаць гэтую краіну

Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын
Ілюстрацыйнае фота: Генеральнае консульства КНДР ва Уладзівастоку

9 верасня, Позірк. Стасункі паміж Мінскам і Пхеньянам з’яўляюцца прыкладам “міралюбнага ўзаемадзеяння, заснаванага на прынцыпах сяброўства, імкнення да раўнапраўнага дыялога, падабенства маральных і культурных каштоўнасцей”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 9 верасня кіраўніка Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Кім Чэн Ына з Днём утварэння КНДР.

На думку віншавальніка, якое прыводзіць яго прэс-служба, Паўночная Карэя прайшла праз “шматлікія выпрабаванні, якія толькі ўмацавалі дух” яе народа і дазволілі яму “захаваць сваю суб’ектнасць і ўнікальную ідэнтычнасць”.

“З цеплынёй узгадваю нашу нядаўнюю сустрэчу ў Пекіне. Пацвярджаю гатоўнасць у найбліжэйшы зручны для бакоў час наведаць вашу краіну для вывядзення міждзяржаўных сувязей на якасна новы ўзровень, — падкрэсліў Лукашэнка. — Разлічваю, што далейшая беларуска-карэйская супраца і наша сумесная праца у міжнародных арганізацыях прынясуць карысць абодвум народам, будуць садзейнічаць росту даверу і ўзаемаразумення“.

У леташнім пасланні віншавальнік заяўляў, што “ўвесь свет з’яўляецца сведкам” таго, як КНДР “з гонарам ідзе па шляху незалежнага развіцця”.

Ён выказваў перакананне, што Мінск і Пхеньян “хутка дасягнуць значнага прагрэсу ў наладжванні практычнага ўзаемадзеяння ў такіх галінах, як сельская гаспадарка, медыцына і фармацэўтыка, адукацыя”.

Беларускія ўлады прыкладна ў 2023 годзе сталі актыўна заяўляць пра сваю цікавасць да Паўночнай Карэі — закрытай дзяржавы з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета Бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы.

На перамовах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 15 верасня 2023 года ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаванне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б “падумаць пра супрацу недзе на траіх”.

Паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, 17 студзеня на нарадзе па пытаннях знешнегандлёвай дзейнасці ў 2025 годзе ён заявіў, што “каля пяці дзяржаў, уключаючы Пакістан, Інданезію і КНДР, накіравалі Беларусі свае прапановы аб арганізацыі сустрэч на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацы”.

Намеснік дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэта кіроўнай у КНДР Працоўнай партыі Карэі, малодшая сястра паўночнакарэйскага правадыра Кім Ё Чжон 20 студзеня абвергла гэтае сцвярджэнне.

“Я добра ведаю, што беларускі бок на працягу як мінімум двух гадоў шчыра спадзяецца на кантакт на высокім узроўні з КНДР”, — падкрэсліла яна, дадаўшы, што з боку Пхеньяна такой прапановы не паступала.

9 траўня паведамлялася, што пытанні ўзаемадзеяння Беларусі і Паўночнай Карэі ў розных сферах былі “падрабязна абмеркаваныя” ў Пхеньяне на 3-м пасяджэнні двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы.

Бакі абмеркавалі “палажэнні практычнай супрацы” ў сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, ахове здароўя, гандлі і адукацыі.

Лукашэнка напярэдадні парада ў Пекіне 3 верасня з нагоды перамогі над Японіяй і заканчэння Другой сусветнай вайны паразмаўляў з Кім Чэн Ынам.

Падзяліцца: