Гісторык Ігар Мельнікаў выйшаў на волю, верагодна, паводле працэдуры памілавання — праваабаронцы

9 верасня, Позірк. На пачатку верасня стала вядома, што прызнаны палітвязнем гісторык Ігар Мельнікаў выйшаў на волю, вынікае з інфармацыі на сайце праваабарончага цэнтру “Вясна”.
“Магчыма, ён выйшаў на падставе памілавання 2 ліпеня, паколькі тэрмін [пакарання] у 4 гады на момант вызвалення яшчэ не скончыўся”, — адзначылі праваабаронцы.
Мельнікаў быў затрыманы 21 студзеня 2024 года. У верасні таго ж года суддзя Міхаіл Макарэвіч з Мінскага гарадскога суда прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч. 1 арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і прыгаварыў да 4 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Сталічная пракуратура аргументавала крымінальны пераслед гісторыка тым, што 26 студзеня 2022 года ён, знаходзячыся ў Польшчы, у мэтах “ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку папулярызацыі медыярэсурсаў экстрэмісцкай скіраванасці, уцягвання ў экстрэмісцкую дзейнасць большай колькасці грамадзян, распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў, даў інтэрв’ю ўдзельнікам экстрэмісцкага фарміравання “Еўрарадыё”, якое было размешчана імі на падкантрольным <…> медыярэсурсе, чым садзейнічаў экстрэмісцкай дзейнасці”.
Адметна, што на той момант “Еўрарадыё” не было прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 20 ліпеня 2022 года.
Паводле сцвярджэння пракуратуры, Мельнікаў “віну цалкам прызнаў”.
45-гадовы Мельнікаў — беларускі гісторык, публіцыст, журналіст, блогер і рэдактар. Спецыялізуецца на вайсковай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Вывучае тэму беларускага катынскага спіса, гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, дзейнасць калабарантаў падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Аўтар і суаўтар шэрагу кніг. Тры з іх у жніўні прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.
Нарадзіўся 26 красавіка 1980 года ў Бабруйску. Скончыў у 2002 годзе гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, у 2005-м — Варшаўскі ўніверсітэт.
У 2011 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Доктар гістарычных навук (Польшча).
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека
- Эканоміка