Нацыянальнае агенцтва па турызме перададзена з Мінспорту ў падпарадкаванне ўраду
10 верасня, Позірк. Нацыянальнае агенцтва па турызме Міністэрства спорту і турызму перападпарадкавана ўраду. Гэта прадугледжана ўказам Аляксандра Лукашэнкі ад 10 верасня “Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы турызму“.
Паводле паведамлення яго прэс-службы, агенцтва “надзяляецца паўнамоцтвамі па дзяржаўным рэгуляванні і правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы турызму“, “па ажыццяўленні каардынацыі дзейнасці рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў; прыняцця нарматыўных прававых актаў, прасоўванні турыстычнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь на знешнім і ўнутраным турыстычных рынках, інвестыцыйных прапаноў для развіцця турыстычнай індустрыі“.
Міністэрству эканомікі даручана “забяспечваць метадычную і каардынуючую ролю ў частцы выпрацоўкі мер падтрымкі сферы турызму, інвестыцыйнай палітыкі”.
Указам вызначаныя “галоўныя задачы на найбліжэйшую пяцігодку“: “павышэнне ўнёску турызму ў эканоміку краіны амаль у 2 разы“, “дасягненне яго долі ў ВУП не менш за 4,5% у 2030 годзе”.
Сцвярджаецца, што прыняцце ўказа “дасць магчымасць надаць імпульс развіццю турызму, выбудаваць эфектыўную вертыкаль кіравання гэтай сферай як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўнях, арыентаваную на развіццё турызму як прыярытэтнага віду эканамічнай дзейнасці“.
Праект указа аб перападпарадкаванні агенцтва быў разгледжаны 18 жніўня на нарадзе Лукашэнкі з кіраўніцтвам урада.
“Турызм — гэта не спорт, турызм — гэта эканоміка. Ён, як лакаматыў, цягне за сабой развіццё ўсіх галін эканомікі. <…> Без удзелу прыватнага бізнэсу гэтую галіну не падняць. Сумесна трэба шукаць і стымуляваць пункты росту. Неабходная канцэнтрацыя ўсіх кіраўнічых рэсурсаў у адным цэнтры прыняцця рашэнняў, каб каардынаваць дзясяткі галін, забяспечваць экспартны рост і стымуляваць інвестыцыі ў гэтай сферы“, — заявіў на нарадзе першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў.
Паводле яго слоў, у галіне занята 230 тыс. чалавек, турызм забяспечвае каля 2% ВУП, што “не адпавядае яго патэнцыйнаму ўзроўню і магчымасцям“.
“Якасная структура турыстычнага патоку неспрыяльная, — сказаў Снапкоў. — Колькасць выязных тураў амаль у два разы перавышае колькасць уязных тураў у Беларусь. Аб’ём вывезеных беларускімі турыстамі сродкаў у 12 разоў большы за аб’ём сродкаў, увезеных замежнымі турыстамі. Наша задача — змяніць баланс, што склаўся, пакінуць больш валюты ў краіне. Для гэтага трэба <…> павялічыць працягласць знаходжання турыста і павялічыць сярэдні чэк, гэта значыць колькі турыст пакідае грошай падчас свайго падарожжа“.
Снапкоў паскардзіўся, што ў Беларусі дамінуюць кароткатэрміновыя паездкі як у мясцовых жыхароў, так і ў замежнікаў. “У выніку замежныя турысты ў Беларусі пакідаюць усяго 125 долараў у сярэднім у суткі, беларускі турыст — 47. <…> Сярэдні чэк беларуса, які выязджае за мяжу, — 215 долараў. Нашы грамадзяне ў сярэднім за візіт у Турцыі пакідаюць больш за 1.000 долараў, у Грузіі — 770 долараў“, — прывёў статыстыку чыноўнік.
Лукашэнка на нарадзе нагадаў, што ў наступнай пяцігодцы перад урадам пастаўлена задача зрабіць турызм “нацыянальным праектам, рэалізаваць яго эканамічны патэнцыял па максімуме“.
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь на другім месцы ў ЕАЭС па падаражэнні прампрадукцыі за годМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаУ ліпені ў ЕАЭС цэны на сельгаспрадукцыю выраслі толькі ў Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка