Мінск 17:29

ЗША здымаюць санкцыі з “Белавія”, нармалізацыя стасункаў залежыць ад вызвалення палітвязняў — Коўл (дапоўнена)

Архіўнае фота: "Белавія"

11 верасня, Позірк. ЗША здымаюць санкцыі з беларускай авіякампаніі “Белавія“, заявіў намеснік спецпасланніка прэзідэнта ЗША ва Украіне Кіта Келага Джон Коўл 11 верасня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, вынікае з відэазапісу ў тэлеграм-канале “Пул Першага”.

Паводле слоў Коўла, Вашынгтон зацікаўлены ў нармалізацыі стасункаў з Мінскам, а зняцце санкцый — “гэта толькі пачатак“. “Калі мы прыйдзем да правільнага рашэння падчас нашай сустрэчы па пытанні асоб, якія ўтрымліваюцца, зняволеных, мы зможам дасягнуць вельмі шмат чаго на шляху нармалізацыі“, — сказаў прадстаўнік амерыканскай адміністрацыі.

23 траўня 2021 года ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка, расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пасля памілаваныя.

Пасля інцыдэнту беларускай нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” забаронена лятаць у краіны Еўрасаюза. 2 снежня 2021 года Вялікабрытанія, Канада, ЗША і ЕС скаардынавана ўхвалілі чарговыя санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх фізічных асоб і арганізацый. Як было адзначана ў сумеснай заяве з гэтай нагоды, санкцыйныя меры прынятыя “ў адказ на працяглыя нападкі на правы чалавека і асноўныя свабоды ў Беларусі, ігнараванне міжнародных нормаў і неаднаразовыя акты рэпрэсій”. Сярод арганізацый, якія трапілі ў “чорны спіс”, значылася і “Белавія”.

2 сакавіка 2022 года, праз тыдзень пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага вайсковага ўварвання ва Украіну, ЗША ўвялі ў дачыненні да “Белавія” абмежаванні, якія тычацца экспарту прадукцыі авіяцыйнай сферы і ліцэнзавання пэўных самалётаў і запчастак. З 7 снежня 2023 года яны былі падоўжаныя яшчэ на 180 дзён.

9 жніўня 2023 года “Белавія” была ўключаная ў санкцыйныя спісы ЗША.

3 лістапада 2023 года генеральны дырэктар кампаніі Ігар Чаргінец на прэс-канферэнцыі ў Мінску прызнаў, што планы па мадэрнізацыі флоту самалётаў авіякампаніі “Белавія” былі парушаныя з-за ўвядзення заходніх санкцый.

29 траўня 2024 года Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пакінуў у сіле санкцыі Еўрасаюза, уведзеныя супраць “Белавія”, адхіліўшы адпаведны пазоў беларускай авіякампаніі.

Падзяліцца: