Мінск 22:14

Ціханоўская заклікала не расцэньваць пазітыўна тое, што рэжым Лукашэнкі паведаміў Польшчы пра дроны, якія ляцяць у яе бок

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 12 верасня 2025 года ў 09:57

11 верасня, Позірк. Пасылаючы дроны, рэжымы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі правяраюць суседнія краіны. Такое меркаванне выказала 11 верасня ў Вільнюсе беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Сваімі меркаваннямі на гэты конт палітык падзялілася на міжнароднай канферэнцыі “Беларусь і беларусы ў часы геапалітычнай нестабільнасці: глабальныя ўспрыманні і ўнутраныя рэаліі”, каментуючы масавае ўварванне расійскіх беспілотнікаў у паветраную прастору Польшчы, у тым ліку з беларускага боку, якое адбылося напярэдадні.

“Тое, што цяпер робяць Расія і беларускі рэжым — яны правяраюць Польшчу, Літву і суседнія краіны: якой будзе рэакцыя на гэтыя атакі дронаў? Якім будзе ваш палітычны адказ, як адрэагуеце на гэта? — сказала Ціханоўская. — І калі мы чуем ад беларускага рэжыму, што яны нібыта інфармавалі польскі бок аб гэтай атацы дронаў… Слухайце, дроны ляцяць праз тэрыторыю Беларусі, значыць, ваша задача — збіваць гэтыя дроны над Беларуссю і не дапускаць іх пралёту ў суседнюю краіну, а не проста паведамляць пра іх“.

“Гэта тыповыя паводзіны Лукашэнкі: атакуючы або пасылаючы мігрантаў у Польшчу, ён пры гэтым віншуе польскага прэзідэнта з днём нараджэння; пасылаючы ракеты ва Украіну, віншуе дзяржаву з незалежнасцю. Гэта нешта накшталт: “Я цябе б’ю, але раблю выгляд, што турбуюся пра цябе”. Таму такія крокі не варта ўспрымаць як жэст салідарнасці з боку беларускага рэжыму“, — падкрэсліла Ціхзаноўская.

Паводле слоў палітыка, беларускі народ разумее рэакцыю суседніх краін — “санкцыі, ціск, ізаляцыю” і вінаваціць не “партнёраў, а Лукашэнку”. “Людзі ведаюць, што гэта яго палітыка, яго ўцягнутасць у вайну, яго падтрымка Расіі прывялі нас да гэтай сітуацыі, калі нашы партнёры вымушаны рэагаваць”, — сказала яна.

Ціханоўская канстатавала, што закрыццё Польшчай мяжы з Беларуссю з прычыны сумесных з Расіяй вучэнняў “Захад-2025” можа прывесці да сур’ёзных наступстваў, паколькі “часам адзіны шлях пазбегнуць рэпрэсій — захаваць сувязі паміж людзьмі”.

“Вядома, людзі вельмі нервуюцца з-за гэтага. Мы тлумачым, што Польшча мае права рэагаваць на пагрозы — на дроны, на затрыманні польскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі, на міграцыйныя атакі”, — адзначыла яна, у той жа час заклікаўшы дэмакратычныя краіны “заўсёды трымаць у розуме, што корань праблемы — Лукашэнка”.

“Ёсць сэнс укладвацца ва ўмацаванне ваеннай моцы, але калі ў вас няма людзей, гатовых абараняць каштоўнасці, то такі крок страчвае сілу”, — канстатавала дэмлідар.

Гаворачы аб вучэннях “Захад-2025”, якія рэжымы Лукашэнкі і Пуціна плануюць правесці 12–16 верасня, Ціханоўская падкрэсліла важнасць таго, каб яны ўспрымаліся не як “беларуска-расійскія вучэнні”, а як “вучэнні беларускага рэжыму і РФ”.

“Прынцыпова важна разумець зразумець, што беларускі народ не падтрымлівае дзейнасць Лукашэнкі, — заявіла яна. — Лукашэнка зараз служыць інтарэсам Расіі, а не інтарэсам беларускага народа. Мы — нацыя, якая хоча быць надзейным партнёрам, надзейным суседам, і мы хочам пераадолець усю гэтую турбулентнасць у рэгіёне”.

“Але палітыка Лукашэнкі такая, што ён стаў марыянеткай Пуціна ў сваёй уласнай краіне. Ён гатовы прадаставіць тэрыторыі, аб’екты і інфраструктуру Расіі, каб запалохваць, шантажаваць і трымаць у напружанні нашых суседзяў”, — дадала Ціханоўская.

Падзяліцца: