Ціханоўская абмеркавала з прадстаўнікамі ЗША магчымасць для наступных вызваленых палітвязняў застацца ў Беларусі
12 верасня, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская напярэдадні абмеркавала з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амерыкі практыку Мінска дэпартаваць вызваленых палітвязняў з Беларусі.
“Мы рады бачыць людзей на волі, але давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Тое, што ўчора адбылося — гэта не вызваленне, а прымусовая дэпартацыя, — заявіла палітык 12 верасня ў Вільнюсе на прэс-канферэнцыі пры ўдзеле 19 вызваленых і высланых з краіны зняволеных. — Мы ўсе перажываем за лёс [лідара “Народнай Грамады”] Мікалая Статкевіча, які адмовіўся выязджаць з Беларусі і меў на гэта поўнае права. Цяпер ягонае месцазнаходжанне невядомае. Яго мужны ўчынак нагадвае ўчынак Марыі Калеснікавай, якая пры спробе дэпартацыі парвала свой пашпарт”.
Паводле Ціханоўскай, усе вызваленыя палітвязні павінны мець права з’ехаць або застацца.
“Учора я размаўляла пра гэта з амерыканскімі партнёрамі. Мы дамагаемся, каб пры наступным вызваленні гэтая антычалавечая практыка была спыненая, — паведаміла яна. — Мы дамагаемся таксама, каб вызваленні суправаджаліся спыненнем рэпрэсій. Бо, на жаль, кожны тыдзень з’яўляюцца новыя палітвязні, а праваабаронцы фіксуюць пашырэнне рэпрэсій”.
Дэмлідар адзначыла, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раней абазначыў “мінімальную планку — 1.300 палітвязняў” у Беларусі. “Мы будзем працаваць з амерыканскай адміністрацыяй і ўсімі нашымі саюзнікамі ў Еўропе, каб вызваленні працягваліся. Гэта крок у правільным кірунку. Я заклікаю рэжым вызваліць усіх закладнікаў з турмаў. Гэта першы крок для нацыянальнага дыялогу, які нам усім патрэбны”, — сказала палітык.
Паводле яе, цяпер задача дэмсіл заключаецца ў тым, каб “забяспечыць вызваленых дапамогай — юрыдычнай, псіхалагічнай і медыцынскай; вырашаць пытанні з легалізацыяй і дакументамі”. “Таксама літаральна за дзень беларусы сабралі 85 тысяч еўра на падтрымку вызваленых. Я вельмі ўражаная гэтай салідарнасцю”, — адзначыла яна.
Ціханоўская падзякавала Трампу, намесніку спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джону Коўлу і намесніку памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстаферу Сміту, дзякуючы дыпламатычным намаганням якіх “людзі выйшлі на волю”.
“Прэзідэнт Трамп правільна назваў — вызваленне закладнікаў. Мы цэнім яго асабістую ролю ў гэтым гуманітарным працэсе, — сказала яна. — Дзякуй Еўрапейскаму саюзу і ўсім краінам, якія ўсе гэтыя гады прынцыпова і паслядоўна дамагаюцца вызвалення палітвязняў. Вызваленне — гэта вынік нашай супольнай працы. Хачу падзякаваць асабліва Літве, якая зрабіла неверагоднае — аператыўна прыняла палітвязняў, аформіла дакументы і дапамагла на мяжы. Мы цэнім і бачым гэтую дапамогу”.
“Вядома, дзякуй усім праваабаронцам, міжнародным партнёрам, якія ўчора хутка адгукнуліся на просьбу аб дапамозе — Міжнародны гуманітарны фонд, [праваабарончы цэнтр] “Вясна“, “Краіна для жыцця“, “Дапамога“, BYSOL, Freedom House, БДПЧ, БАЖ і ўсе астатнія”, — дадала Ціханоўская.
11 верасня пасля сустрэчы намесніка спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, стала вядома, што “па просьбе прэзідэнта ЗША і іншых кіраўнікоў дзяржаў” той прыняў рашэнне аб памілаванні “шэрагу замежных грамадзян, асуджаных за шпіёнскую дзейнасць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці і здзяйсненне іншых злачынных дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
Усяго памілавана 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян: шэсць — Літвы, па двое — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі, дзевяць журналістаў, а таксама палітыкі, актывісты, грамадскія дзеячы.
Паведамлялася, што ў якасці меры ў адказ ЗША дазволілі частку аперацый з беларускім авіяперавозчыкам “Белавія”.
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаДля вызваленых палітвязняў сабрана амаль 97 тыс. еўраМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, ПалітыкаПольшча адкрые мяжу пры гарантыі бяспекі і адсутнасці рызык правакацый — ЛатушкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+