Мінск 23:22

Трэба патрабаваць ад рэжыму пакінуць Статкевіча на волі — экс-палітвязень Спарыш

12 верасня, Позірк. Патрабаваць ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі выконваць дамоўленасці з Трампам пра вызваленне палітвязняў заклікаў усе палітычныя сілы, незалежна ад іх поглядаў, на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Вільнюсе вызвалены напярэдадні палітвязень, член “Народнай Грамады” Сяргей Спарыш.

Вынікам выканання гэтых дамоўленасцяў, паводле яго слоў, павінна стаць тое, што лідар “Народнай Грамады” Мікалай Статкевіч, таксама вызвалены 11 верасня, але які адмовіўся выязджаць з Беларусі ў Літву, застаўся на волі і мог выйсці на сувязь са сваімі паплечнікамі з Мінска.

“На жаль, <…> Мікалай Статкевіч не ў стане цяпер тут прысутнічаць. Мы не ведаем, што з ім адбываецца. Тэарэтычна, можа быць нават і не жывы ўжо. Што заўгодна можа здарыцца з гэтым чалавекам у гэты момант”, — сказаў Спарыш.

Паводле экс-палітвязня, суткі таму, калі ён бачыў Статкевіча, той быў “у вельмі добрым стане маральна, магчыма, лепшым, чым быў у 2020 годзе”. Разам з тым, здароўе апазіцыйнага лідара “вельмі моцна падарванае”.

“Нягледзячы на яго вельмі добры знешні стан, у яго сур’ёзная арытмія, яму вельмі цяжка хадзіць перыядычна, — паведаміў Спарыш. — Ён знаходзіўся шэсць разоў у крытай, шэсць разоў у адзіночцы. У адзіночцы — па шэсць месяцаў. Ён у адзіночнай камеры правёў два гады і сем месяцаў. Гэта па сутнасці забойства. Ён тройчы быў з кавідам, у яго быў інфаркт. Адзін раз у яго была праблема — запаленне лёгкіх. Акрамя таго, у яго яшчэ з 1990-х гадоў бранхіт хранічны”.

Спікер заклікаў усіх, “незалежна ад палітычных поглядаў, стасункаў паміж сабой, не дзелячы скуру не забітага Лукашэнкі”, абараніць чалавека, які “ў гэты момант за ўсіх рызыкуе там сваім уласным жыццём, хаця мог бы знаходзіцца тут”.

“Мы павінны ўсе разам неадкладна запісаць нейкі зварот ад усіх палітычных сіл, грамадскіх арганізацый з патрабаваннем [да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі] неадкладна выканаць дамоўленасці, якія былі заключаныя з [Дональдам] Трампам. Калі Трамп сказаў, што ён (Статкевіч. — “Позірк”.) павінен быць вызвалены, то ён павінен быць вызвалены, павінен проста цяпер размаўляць з намі з Мінска”, — сказаў член “Народнай Грамады”.

Паводле Спарыша, Статкевіч, даведаўшыся, як павялі сябе людзі ў 2020 годзе, быў вельмі ўзрушаны і казаў, што “нацыя ў Беларусі існуе, але няма пакуль што дзяржавы”.

“Адпаведна, задача — пасля таго як мы набылі нацыю, трэба набыць і дзяржаву, — адзначыў экс-палітвязень. — Але для таго каб набыць дзяржаву, патрэбная барацьба. <…> Таму неабходна пастаянна пашыраць прастору свабоды, як казаў Мікалай Статкевіч. І павінен пастаянна быць нейкі маральны прыклад. Не можа быць нацыі, у якой няма лідара, які знаходзіцца на тэрыторыі гэтай краіны. Лідар павінен быць у краіне”.

“Нэльсан Мандэла не мог быць лідарам афрыканскага народа, знаходзячыся дзесьці ў эміграцыі. На жаль, мы павінны прызнаць, што як мінімум маральны лідар павінен быць там. Таму Мікалай Статкевіч застаўся ў Беларусі. Ён сказаў, што ў 1990-я гады ўжо быў вельмі блізка да смерці, і баяцца не да твару. Акрамя таго, ён шляхціч (са старога роду, які яшчэ з XVI стагоддзя быў), ён савецкі афіцэр і адзін з бацькоў беларускай арміі. І ён вельмі моцна рызыкуе”, — дадаў Спарыш.

11 верасня пасля сустрэчы намесніка спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску, стала вядома, што “па просьбе прэзідэнта ЗША і іншых кіраўнікоў дзяржаў” той прыняў рашэнне аб памілаванні “шэрагу замежных грамадзян, асуджаных за шпіёнскую дзейнасць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці і здзяйсненне іншых злачынных дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Усяго памілавана 52 чалавекі, сярод якіх 14 замежных грамадзян: шэсць — Літвы, па двое — Латвіі, Польшчы і Германіі, адзін грамадзянін Францыі і адзін — Вялікабрытаніі, дзевяць журналістаў, а таксама палітыкі, актывісты, грамадскія дзеячы.

Як мінімум адзін з іх — Мікалай Статкевіч — адмовіўся з’язджаць у Літву (дэпартацыя была ўмовай здзелкі Лукашэнкі з амерыканцамі). Некалькі гадзін ён правёў паміж пунктамі пропуску Каменны Лог і Мядзінінкай, пасля чаго пайшоў на беларускі бок. Паку

Падзяліцца: