Мінск 00:13

Экс-палітвязень Крылоў паведаміў пра асуджаных на працяглыя тэрміны за мізэрныя “данаты”

12 верасня, Позірк. Пра асуджаных на працяглыя тэрміны зняволення за нязначныя па велічыні “данаты” паведаміў на прэс-канферэнцыі 12 верасня ў Вільнюсе экс-палітвязень Андрэй Крылоў, які напярэдадні быў вызвалены і высланы з Беларусі.

“Па бабруйскай калоніі [№ 2] ідзе суцэльная тэндэнцыя — “палітычных” забіраюць і дужа, і шмат, — сказаў ён. За нейкія тры з паловай, калі гэта ў долары перавесці, данат нейкі [асуджаюць на] 7 гадоў, 5 гадоў. Тыдзень, два таму папрыходзілі хлопцы з такімі тэрмінамі — за нейкія данаты, за паўтара еўра. Скрозь і ўсюды ідзе адпраўка на крытку, у турму з калоніі гэтых палітычных. Гэта наноў прыбылыя, свежыя ўсе. Такія тэрміны вялікія даюць, бязлітасна на крытку гоняць”.

У апошнія гады рэжым Аляксандра Лукашэнкі актыўна праследуе грамадзян, якія адпраўлялі ахвяраванні розным арганізацыям і ініцыятывам, у пэўны момант прызнаным “экстрэмісцкімі” ці “тэрарыстычнымі”.

62-гадовы Крылоў да затрымання вясной 2021 года быў інжынерам тэхнічнага нагляду ў Ваўкавыску (Гродзенская вобласць). Увосень таго ж года мужчына быў прыгавораны да 5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Крылову паставілі ў віну каментар у адным з тэлеграм-каналаў, якім ён нібыта заклікаў удзельнічаць у “масавых беспарадках”. Палітвязень віну не прызнаў.

Падзяліцца: