Абвінавачанне запатрабавала для палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша чатыры гады пазбаўлення волі
12 верасня, Позірк. Дзяржаўны абвінаваўца 12 верасня запатрабаваў для палітзняволенага журналіста Ігара Ільяша чатыры гады пазбаўлення волі і 100 базавых велічынь штрафу, адвакат — апраўдальнага прысуду. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” вядомы ў мінулым журналіст Сяргей Ваганаў — дзед жонкі палітвязня Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), таксама журналісткі і палітзняволенай, якая адбывае працяглы тэрмін.
Ільяш у апошнім слове ў судзе адхіліў усе абвінавачанні, віну не прызнаў, удакладніў Ваганаў. Мужчына абвінавачваецца паводле арт. 369¹ (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361⁴ (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.
Наступнае пасяджэнне адбудзецца 16 верасня.
Раней Ваганаў выказаў меркаванне, што экспертыза “не выявіла ніводнага ілжывага факта”, распаўсюджанага журналістам Ігарам Ільяшом.
Паводле яго слоў, на пасяджэннях 4 і 5 верасня, калі Мінскі гарадскі суд “заслухоўваў высновы псіхалінгвістычнай экспертызы”, прагучала “абсалютная прадузятасць да публікацый Ільяша, заснаваная на асабістых палітычных поглядах” загадчыка кафедры БДУ, доктара філалогіі Сяргея Лебядзінскага.
У якасці аргумента эксперт прывёў выкарыстанне Ільяшом у сваіх артыкулах тэрміна “палітвязні”, бо ў беларускім заканадаўстве такога паняцця не існуе, удакладніў Ваганаў.
Пра затрыманне Ільяша паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З іх публікацый вынікала, што ён быў затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што такім чынам ён займаўся “садзейнічаннем экстрэмісцкім фарміраванням”. Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў “збор звестак для замежных выведак — даваў каментарыі ўкраінскім выданням”.
На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала “Белсат”, пасля стаў журналістам-фрылансерам. “На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыям, у тым ліку рэсурсам, якія прызнаваліся ў Беларусі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” ў той ці іншы час”, — адзначыў ён.
Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў “украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымасці ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну”.
У ліпені 2021 года Ільяша ўжо затрымлівалі на 10 сутак, ён быў у статусе падазраванага паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальная справа не атрымала.
Жонка Ільяша Кацярына Андрэева (Бахвалава) была затрыманая разам са сваёй аператаркай Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яна вялі прамы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі (“плошча Перамен” — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).
У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў “арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак” (арт. 342 КК) і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі.
Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо прыгаворана да пазбаўлення волі, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца ад моманту затрымання восенню 2020 года.
20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты прысуд дзейным. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачвання — “выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве” заменена на “шпіянаж”.
У верасні таго ж года Чульцова выйшла на волю. Цяпер яна пражывае ў Польшчы.
Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца 27 прадстаўнікоў СМІ.
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаДля вызваленых палітвязняў сабрана амаль 97 тыс. еўраМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка