Мінск 21:38

Прадстаўнікі палітычных і грамадскіх структур абмеркавалі гатоўнасць да прыёму палітвязняў у выпадку масавых вызваленняў

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

13 верасня, Позірк. Прадстаўнікі палітычных і грамадскіх структур 13 верасня ў Варшаве абмеркавалі гатоўнасць да прыёму палітвязняў у выпадку масавых вызваленняў, паведамляе тэлеграм-канал беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

У сустрэчы ўзялі ўдзел дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, а таксама прадстаўнікі арганізацый Dissidentby, “Вольныя”, ByHelp, Partyzanka, Freedom Women, Humanosh, “Да волі”, Libereco, Dapamoga, Беларускага ПЭНу, Асацыяцыі палітвязняў Беларусі, Цэнтра беларускай салідарнасці, фонду “Краіна для жыцця”, праваабарончага цэнтра “Вясна”. Адзначаецца, што да размовы далучыўся намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі пытанні шэлтараў для размяшчэння вызваленых; “мясцовай падтрымкі” ў плане ежы, жылля і транспарту; дакументаў і легалізацыі (праблема дэпартацыі без пашпартоў); віз і юрыдычных аспектаў, “у тым ліку працэдуры разгляду прытулку паводле Дублінскага пагаднення”; дапамогі сем’ям і блізкім вызваленых; доўгатэрміновых праграм падтрымкі.

Паведамляецца, што арганізацыі “падзяліліся сваімі магчымасцямі” адносна таго, “колькі чалавек яны могуць прыняць і ў якіх гарадах Польшчы гатовыя даць жыллё і дапамогу”.

“Гэта была вельмі эфектыўная сустрэча, дзе мы змаглі абмеркаваць нашыя далейшыя крокі і скаардынаваць дзеянні. Важна аб’ядноўваць усе высілкі і магчымасці, каб быць гатовымі да магчымых масавых вызваленняў і каб дапамога была зладжанай і своечасовай”, — заявіў Марозаў.

11 верасня ў Мінску адбылася сустрэча намесніка спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам, пасля якой стала вядома пра вызваленне і фактычную дэпартацыю 51 зняволенага (у тым ліку 14 замежных грамадзян). Яшчэ адзін — апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч — на мяжы з Літвой адмовіўся пакідаць Беларусь. Інфармацыі пра яго лёс няма ўжо двое сутак.

У той жа дзень фонд салідарнасці BySol абвясціў збор для групы вызваленых палітвязняў. Мэта збору — 50 тыс. еўра — была дасягнутая за тры гадзіны правядзення кампаніі, якая пасля гэтага не спынілася. На 19:30 13 верасня ахвяравана амаль 105 тыс. еўра.

Падзяліцца: