Мінск 19:11

Ціханоўская абмеркавала з прадстаўнікамі Еўракамісіі і ЕСЗД падтрымку для беларусаў і санкцыі для рэжыму

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 14 верасня 2025 года ў 09:52

13 верасня, Позірк. Падтрымку для беларусаў і санкцыі для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (ЕСЗД), паведаміў “Позірку” галоўны дарадца беларускага палітыка Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, у сустрэчы, якая адбылася на гэтым тыдні ў Вільнюсе, узялі ўдзел дырэктар па пытаннях Усходняга суседства і Турцыі ў Генеральным дырэктараце Еўракамісіі па пытаннях пашырэння і Усходняга суседства Адрыен Кірай, намеснік кіраўніка аддзела ЕСЗД Аймерык Дзюпон ды інш.

“Падчас сустрэчы абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, тэрміновыя праграмы падтрымкі для вызваленых і для праваабарончых ініцыятыў, санкцыйную палітыку ў дачыненні да Беларусі, а таксама падтрымку медыя, грамадскіх і культурных ініцыятыў, — адзначыў Вячорка. — Асобна разглядалася падрыхтоўка ацэнкі патрэбаў беларускай грамадзянскай супольнасці і сустрэча з прадстаўнікамі ЕС 8 кастрычніка, дзе будзе прэзентаваны адпаведны дакумент”.

Ціханоўская, як сказаў яе галоўны дарадца, адзначыла, што “на фоне магчымых вызваленняў вельмі важна забяспечыць усім палітвязням неабходную і аператыўную дапамогу”.

Дэмлідар падзякавала Еўрасаюзу за “паслядоўную і прынцыповую палітыку” ў дачыненні да Беларусі. Палітык таксама падкрэсліла, што “дэмакратычныя сілы высока цэняць гэтую супрацу і лічаць еўрапейскую інтэграцыю адным з прыярытэтаў для Беларусі”.

Падзяліцца: