Мінск 16:29

“Радыё Свабода” паведаміла пра “фальшывыя запыты”, якія паступаюць ад імя рэдакцыі дэмакратычным актывістам і арганізацыям

Фота: svaboda.org

14 верасня, Позірк. Беларуская служба “Радыё Свабода” паведаміла пра “фальшывыя запыты”, якія паступаюць ад яе імя дэмакратычным актывістам і арганізацыям.

У гэтых паведамленнях згадваюцца “нейкі аналітычны цэнтар”, Кацярына Сямёнава і бот SvabodaBelarusBot.

“Хочам падкрэсьліць: у нас няма ані такога цэнтра, ані такой супрацоўніцы. Акрамя таго, яшчэ ў 2022 годзе мы выдалілі свой бот. Будзьце ўважлівыя! Гэта пастка!” — заяўляе рэдакцыя (асаблівасці напісання на тарашкевіцы захаваныя).

“РС” рэкамендавала атрымальнікам такіх паведамленняў “адразу паскардзіцца адміністрацыі “Телеграма”і заблякаваць адпраўніка”.

Аб правядзенні “масавай кампаніі” супраць былога палітвязня Сяргея Ціханоўскага і “ў цэлым дэмакратычных сіл” паведаміў 2 верасня галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Паводле яго слоў, ад асобы Ціханоўскага рассылаюцца “фэйкавыя мэйл і паведамленні розным чыноўнікам, палітыкам, дзяржаўным органам”. На думку Вячоркі, за рассылкай стаіць Камітэт дзяржбяспекі Беларусі, які цяпер “відавочна працуе па ўсіх франтах”.

7 ліпеня ініцыятыва “Краіна для жыцця” паведаміла пра “з’яўленне і актыўнае распаўсюджванне” ў месенджары “Тэлеграм” фэйкавага канала каманды Ціханоўскага.

25 траўня ініцыятыва “Партызанка” (Partyzanka), якая займаецца аказаннем прававой дапамогі эмігрантам, папярэдзіла беларусаў, якія пражываюць у Польшчы, пра фэйкавую рассылку лістоў з патрабаваннем пакінуць краіну.

9 красавіка пра фэйкавае апытанне ад яго імя паведаміў Аб’яднаны пераходны кабінет.

Пра з’яўленне фальшывых тэлеграм-каналаў і ботаў паведамлялі 10 лютага фонд салідарнасці BySol і рэдакцыя гомельскага рэгіянальнага сайта “Флагшток” (працуе за мяжой).

Беларускія сілавікі рэгулярна звяртаюцца да практыкі стварэння фальшывых акаўнтаў, ботаў і інш., у тым ліку — для збору інфармацыі аб прыхільніках беларускіх дэмакратычных сіл, якія знаходзяцца за мяжой, іх дэананімізацыі.

Падзяліцца: