Мінск 04:23

Уведзены з-за вайны супраць Украіны мараторый на супрацоўніцтва з РФ і Беларуссю ў галіне навуковых даследаванняў застаецца ў моцы — урад ФРГ

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 16 верасня 2025 года ў 11:11

15 верасня, Позірк. Уведзены з-за вайны супраць Украіны мараторый на супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю ў галіне навуковых даследаванняў надалей мае моц. Пра гэта паведаміў урад Германіі ў рамках адказу на дэпутацкі запыт апазіцыйнай парламенцкай фракцыі “зялёных“ аб 100 днях працы міністра даследаванняў, тэхналогій і космасу Даратэі Бэр у новым кааліцыйным кабінеце (уваходзяць Хрысціянска-дэмакратычная партыя, Хрысціянска-сацыяльны саюз і Сацыял-дэмакратычная партыя).

Парламентарыі цікавіліся, у прыватнасці, пазіцыяй кабінета адносна супрацоўніцтва з аўтарытарнымі дзяржавамі ў галіне даследаванняў.

Урад лічыць, што міжнародная кааперацыя грунтуецца на замацаваных у Канстытуцыі ФРГ каштоўнасцях чалавечай годнасці, асноўных правоў, уключаючы свабоду даследаванняў і навукі, вяршэнства права і дэмакратыі. “Для абароны тэхналагічнага суверэнітэту і інавацыйнага патэнцыялу Германіі федэральны ўрад умацоўвае супрацоўніцтва перш за ўсё з еўрапейскімі і міжнароднымі партнёрамі, якія падзяляюць агульныя каштоўнасці“, — адзначаецца ў адказе.

“Пры пэўных умовах” магчымая кааперацыя з краінамі, якія “не падзяляюць або абмежавана падзяляюць” гэтыя прынцыпы. “Гэта тычыцца, напрыклад, глабальных праблем у такіх галінах, як клімат і ахова здароўя, якія могуць быць вырашаны толькі сумесна“, — тлумачыць кабінет. Акрамя таго, супрацоўніцтва з краінамі, якія “прытрымліваюцца іншых каштоўнасцяў“, магчымае для павышэння ўзроўню развіцця навукі і інавацыйнага патэнцыялу Германіі. Пры гэтым павінна быць дакладна вызначаная “дабаўленая вартасць для Германіі і Еўропы“, само супрацоўніцтва павінна быць “транспарэнтным, адпавядаць правілам і грунтавацца на прынцыпах свабоды“.

Урад, як адзначаецца ў адказе на дэпутацкі запыт, звярнуў увагу ўніверсітэтаў і даследчых інстытутаў на неабходнасць умацавання іх сістэм кантролю і аналізу рызык, каб пры такім супрацоўніцтве не ставіліся пад пагрозу эканамічныя інтарэсы і інтарэсы бяспекі Германіі ці Еўропы, не парушалася свабода навукі, даследаванняў і выкладання, а вынікі даследаванняў не выкарыстоўваліся для рэпрэсій або парушэння правоў чалавека. Акрамя таго, не павінны дапускацца непажаданая ўцечка ведаў і неправамерны ўплыў звонку.

Падзяліцца: