Мінск 12:45

Палова літоўцаў адчувала трывогу з нагоды вучэнняў “Захад-2025” — сацапытанне

Ілюстрацыя: mil.by

Ілюстрацыя: mil.by

19 верасня, Позірк. Перад пачаткам беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2025“ палова жыхароў Літвы адчувала трывогу. Такія даныя прадставіла кампанія Baltijos Tyrimai, якая з 21 жніўня па 2 верасня праводзіла сацыялагічнае апытанне на замову LRT.

Пра “пэўную“ і “нейкую” трывогу заявілі 15% і 35% рэспандэнтаў адпаведна. 44% не адчувалі турботы.

Часцей за ўсё выказвалі занепакоенасць вучэннямі жанчыны і рэспандэнты старэйшыя за 65 гадоў — 56% і 61% адпаведна. Паводле слоў даследчыка Ромаса Мачунаса, такія фактары, як даход і пражыванне ў сельскай або гарадской мясцовасці, па ўсёй бачнасці, не мелі ўплыву на вынікі.

Эксперт адзначыў у каментары LRT, што рэакцыя на манеўры адлюстроўвае больш шырокія тэндэнцыі цікавасці да бягучых падзей і абароны: “Людзі схільныя больш баяцца таго, пра што менш ведаюць“.

Найменш занепакоенымі выявіліся рэспандэнты ва ўзроставай групе ад 30 да 49 гадоў, якую апісваюць як “найбольш актыўных спажыўцоў інфармацыі“.

Мачунас таксама заявіў, што неэтнічныя літоўцы, у тым ліку тыя, хто размаўляе на рускай і польскай мовах, прыкладна ў два разы радзей за этнічных літоўцаў лічылі вучэнні пагрозай. На ягоную думку, гэта “адлюстроўвае больш шырокія сімпатыі да Расіі і Беларусі”.

Давер да НАТО таксама паўплываў на ўспрыманне: тыя, хто выказаў упэўненасць у альянсе, часцей разглядалі Расію і Беларусь як пагрозу. Паводле апытанняў, НАТО давяраюць блізу 70% літоўцаў.

Камандзір 4-га стралковага атрада ў Сувалкіі ваенны аналітык Эгідзіюс Папечкіс адзначыў, што заўважыў трывогу з нагоды вучэнняў, асабліва сярод жанчын і пажылых. Паводле яго слоў, сацыяльныя сеткі “падаграваюць паніку, распаўсюджваючы заявы пра негатоўнасць урада закрыць сухапутныя межы ў выпадку неабходнасці”.

Акрамя таго, на ягоную думку, літоўскія СМІ “шырока асвятлялі вучэнні“, у той час як расійскія дзяржаўныя крыніцы “надалі ім мала ўвагі”. “Атрымліваецца, мы стварылі большы інфармацыйны фон, чым сама Расія“, — сказаў ён.

Беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні “Захад-2025“ праходзілі 12-16 верасня на палігонах абедзвюх краін, а таксама ў акваторыях Балтыйскага і Баранцава мораў.

“Знакавымі мерапрыемствамі” начальнік Генеральнага штаба Павел Муравейка назваў “планаванне і разгляд прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі“, а таксама “ацэнку і разгортванне ракетнага рухомага комплексу “Ляшчына“ (“Орешник”).

15 верасня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што ў вучэннях “Захад-2025“ бяруць удзел 6 тыс. беларускіх вайскоўцаў і 1 тыс. расіян.

Літва яшчэ “некалькі тыдняў” будзе сачыць за тым, як “адбываецца вяртанне войскаў у пастаянныя часці ў Расіі і Беларусі”, заявіла міністр абароны гэтай краіны Давіле Шакалене, адзначыўшы, што, калі вяртання не адбудзецца, гэта “можа выклікаць пытанні што да іх планаў”.

Мінулыя вучэнні “не ўяўлялі прамой пагрозы” для Літвы, заявіў 16 верасня прэзідэнт краіны Гітанас Наўседа.

“Паколькі мы свядома рыхтаваліся, вучэнні праводзіліся і з нашага боку. Яны былі вельмі сур’ёзнымі — 17 тыс. вайскоўцаў у Літве, 40 тыс. разам з Польшчай. Гэта сапраўды буйныя сілы, якія значна пераўзыходзяць тыя, што былі на ўсходнім баку“, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

15 верасня кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас заявіў, што пасля пачатку беларуска-расійскіх вучэнняў “Захад-2025“ маштабы інфармацыйнага ціску на Літву павялічыліся амаль у 10 разоў.

Падзяліцца: