Мінск 23:01

Амбасадар Беларусі ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Грузіі

19 верасня, Позірк. Амбасадар Беларусі ў Тбілісі Мікалай Рагашчук 19 верасня ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Грузіі Міхаілу Кавелашвілі, паведаміла беларускае МЗС.

Бакі “адзначылі сяброўскі і даверны характар беларуска-грузінскіх стасункаў, абмеркавалі пытанні далейшага развіцця супрацоўніцтва па шырокім спектры кірункаў”. Пры гэтым беларускі дыпламат “пацвердзіў зацікаўленасць у актывізацыі канструктыўнага дыялогу з Грузіяй, акцэнтуючы ўвагу на перспектывах беларуска-грузінскага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”.

Паводле інфармацыі грузінскіх СМІ, 19 верасня Кавелашвілі прыняў даверчыя граматы амбасадараў 16 краін.

Рагашчук прызначаны амбасадарам у Тбілісі 22 траўня. Раней ён быў памочнікам прэзідэнта — інспектарам па Гомельскай вобласці. Яго папярэднік у грузінскай сталіцы — былы старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс — прабыў на дыпламатычнай пасадзе крыху больш за тры гады.

Даючы наказ дыпламату, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў стасунках краін “здзейсніўся зрух у лепшы бок”.

“Я вельмі задаволены, што гэта адбылося, — сказаў ён. — Грузіны да нас вельмі добра ставяцца. Вельмі шануюць наш народ. Ды і да кіраўніцтва краіны больш-менш нармальныя адносіны. Так, ім у галаву ўбівалі, што мы там праціўнікі, супернікі і ледзь не ворагі”.

26 траўня, віншуючы Кавелашвілі і жыхароў краіны з Днём незалежнасці, Лукашэнка заявіў, што “шматгадовая гісторыя сяброўскіх беларуска-грузінскіх стасункаў” павінна стаць “моцнай асновай для аднаўлення ўзаемавыгаднага партнёрства паміж дзвюма краінамі, садзейнічаць дабрабыту” народаў дзвюх краін, а таксама “стабільнасці і бяспецы на Еўразійскім кантыненце”.

У 2022 годзе Лукашэнка без санкцыі грузінскіх уладаў наведваў рэгіён Абхазія, якая лічыць сябе незалежнай дзяржавай. Мясцовыя ўлады, як сцвярджае Беларускі расследавальніцкі цэнтр, выдзелілі падкантрольнай яму кампаніі 20 га зямлі для будаўніцтва санаторна-курортнага комплексу. Тбілісі абмежаваўся вербальным асуджэннем візіту.

Грузія стала адной з асноўных краін, куды эмігравалі беларусы, якія баяліся рэпрэсій на радзіме пасля няўдалых масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў-2020.

Паводле даных МУС Грузіі, на 1 студзеня 2025 года ў краіне пражывала 12.808 імгрантаў з беларускім грамадзянствам. За апошнія чатыры гады ў Грузію ўехала 20.952 беларусаў (11.005 мужчын, 9.947 жанчын), выехала — 8.144 (4.406, 3.738).

Улады краіны, якой кіруе партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі, не задаволілі ніводнага хадайніцтва беларускіх грамадзян аб наданні прытулку. Аднак яны могуць бесперапынна знаходзіцца ў краіне цягам года. Пасля гэтага, каб абнуліць тэрмін, неабходна выехаць на любы перыяд часу. Назад пускаюць не ўсіх. У зоне рызыкі, перш за ўсё, тыя, хто праяўляе публічную палітычную актыўнасць.

Апазіцыя і папярэдніца Кавелашвілі Саламэ Зурабішвілі не прызнаюць яго легітымным прэзідэнтам. Вядомага ў мінулым футбаліста, чэмпіёна Расіі, восенню 2024 года абраў парламент, куды адмовіліся ўваходзіць апазіцыйныя партыі, яны лічаць, што апошнія парламенцкія выбары былі сфальсіфікаваны на карысць “Грузінскай мары”.

Амаль год у краіне штодзённа праходзяць акцыі пратэсту рознага фармату і масавасці. 4 кастрычніка пройдуць мясцовыя выбары, абстаноўка зноў накаляецца. Пры гэтым метады барацьбы з апазіцыяй у Грузіі ўсё больш нагадваюць беларускія.

Гл. па тэме:

Паводле беларускіх лякал. Грузінскі тэлеканал абвінаваціў “рэжым Іванішвілі” ў выкарыстанні паслуг “інструктараў Лукашэнкі” (калі спасылка не працуе, карыстайцеся, калі ласка, гэтай)

Падзяліцца: