Мінск 15:46

Падчас інтэрактыўнага дыялогу ў СПЧ ААН не было выступаў у падтрымку афіцыйнага Мінска

19 верасня, Позірк. Прадстаўнікі Еўрапейскага саюза, 19 дзяржаў і 10 праваабарончых арганізацый узялі ўдзел у інтэрактыўным дыялогу паводле даклада Групы незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі “Ліквідацыя прабелаў у сферы прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і звязаныя з імі злачынствы ў Беларусі”.

Мерапрыемства адбылося на 60-й сесіі Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе (СПЧ ААН), якая праходзіць у гэтыя дні. Ніводзін з выступоўцаў не падтрымаў беларускія ўлады.

У прыватнасці, у дэбатах узялі ўдзел міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс (па відэасувязі, ад імя групы паўночнаеўрапейскіх дзяржаў), а таксама прадстаўнікі ЕС, Нідэрландаў (ад імя краін Бенілюкса), Польшчы, Албаніі, Украіны, Малдовы, Чэхіі, Мальты, Балгарыі, Славеніі, Аўстрыі, Германіі, Румыніі, Францыі, Новай Зеландыі, Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Ірландыі і Швейцарыі.

Усе выступоўцы ў той ці іншай форме асудзілі пагаршэнне сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, палітычна матываваны пераслед, жорсткае абыходжанне з палітвязнямі ў месцах пазбаўлення волі, практыку катаванняў і гвалту ў месцах пазбаўлення волі, у тым ліку на сексуальнай і гендарнай глебе. Прадстаўнікі ЕС і шэрагу краін адзначылі, што названыя дзеянні можна прыраўняць да злачынстваў супраць чалавечнасці.

Таксама прадстаўнікі Еўрасаюза, асобна Літвы і Польшчы ўказалі на палітыку выкарыстання нелегальнай міграцыі, якую праводзяць Расія і Беларусь ў сваіх мэтах, і заклікалі да яе спынення.

У многіх выступах утрымліваўся заклік да беларускіх уладаў спыніць падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, а таксама ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Выступоўцы віталі вызваленне палітвязняў і заклікалі ўлады да неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх, хто застаецца ў месцах пазбаўлення волі паводле палітычных матываў, і спынення рэпрэсій.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Ларыса Бельская традыцыйна заявіла, што афіцыйны Мінск не прызнае мандат як Групы незалежных экспертаў, так і спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, заснаваных СПЧ ААН.

“Мэта гэтых утварэнняў — метадычнае ачарненне маёй краіны, каб абгрунтоўваць і апраўдваць палітыку палітычнага ціску і эканамічных санкцый, якую Еўрасаюз і шэраг іншых краін праводзяць у дачыненні да Беларусі, адпаведна сваім геапалітычным задачам. Дакументы, што фабрыкуе група, так званыя даклады, — гэта безадказная кампіляцыя выдумак і маніпуляцый фактамі, замоўленых і ангажаваных ацэнак, на выраб і распаўсюджанне якіх трацяцца вялізныя сродкі. Гэтыя механізмы не з’яўляюцца голасам беларускага народа, але выступаюць як голас тых краін, хто штогод фінансуе гэта шоу ў Савеце [па правах чалавека] і аплачвае так званыя расследаванні”, — сказала дыпламат (цытата паводле стэнаграмы МЗС).

У той жа час, паводле яе сцвярджэння, беларускія ўлады “зацікаўленыя весці міждзяржаўны дыялог, дыялог з праваабарончымі структурамі”. “Мы ўмеем канструктыўна ўспрымаць абгрунтаваную крытыку і працаваць у мэтах максімальнай рэалізацыі міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека ў межах універсальна ўзгодненых падыходаў, а не ў адвольных сэнсах “парадку, заснаванага на чыіхсьці правілах”, — заявіла Бельская.

Папярэджваючы крытычныя выступы ўдзельнікаў інтэрактыўнага дыялогу, яна падкрэсліла, што “большасць не заходніх краін вось ужо які год устрымліваюцца ад удзелу ў падобнага роду пасяджэннях, маналог групы і яе заснавальнікаў дэманструе бесперспектыўнасць такога фармату працы Савета ААН па правах чалавека”.

Даклад Групы незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі быў абнародаваны 12 верасня.

У ім адзначаецца, што “з 1 траўня 2020 года сілавыя структуры Беларусі сістэматычна ўжываюць гвалт і пакаранні, якія прыраўноўваюцца да грубых парушэнняў правоў чалавека, каб стварыць атмасферу страху, што спыняе любы выклік існуючай сістэме кіравання”. Беларусь “падаўляе іншадумства праз празмернае ўжыванне сілы, адвольныя арышты і затрыманні, сексуальны і гендарны гвалт, катаванні і неналежнае судовае разбіральніцтва”.

“Ёсць разумныя падставы меркаваць, што Рэспубліка Беларусь нясе адказнасць і павінна быць прыцягнутая да адказнасці за сур’ёзныя, сістэматычныя і шырока распаўсюджаныя парушэнні правоў чалавека паводле палітычных матываў у дачыненні да прадстаўнікоў насельніцтва, якія рэальна ці меркавана выступаюць супраць урада”, — падкрэслілі эксперты.

У дакладзе прыведзена схема, якая ілюструе інстытуцыйную падпарадкаванасць Аляксандру Лукашэнку датычных да рэпрэсій дзяржаўных структур — Аперытыўна-аналітычнага цэнтра, Службы бяспекі прэзідэнта, Міністэрства ўнутраных спраў, Савета бяспекі, Следчага камітэта, Міністэрства абароны (у вядзенні якога асобна згаданыя сілы спецыяльных аперацый і галоўнае разведвальнае ўпраўленне), Камітэта дзяржаўнай бяспекі (ніжэй — спецпадраздзяленне “Альфа”), Міністэрства юстыцыі, Генеральнай пракуратуры. Акрамя таго, згодна з дакументам, дэ-факта Лукашэнку падпарадкаваная ўся судовая сістэма.

“Група мае разумныя падставы меркаваць, што прэзідэнт і іншыя высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі ўдзельнічалі ў злачынствах супраць чалавечнасці ў выглядзе палітычнага пераследу і зняволення ў турму і таму лічыць, што ў дачыненні да іх павінны быць праведзены судовыя расследаванні для вызначэння іх індывідуальнай крымінальнай адказнасці. Непасрэдныя выканаўцы задакументаваных злачынстваў таксама нясуць адказнасць за свае дзеянні”, — гаворыцца ў дакуменце.

Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі была створаная 26 сакавіка 2024 года ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Савета па правах чалавека ААН. У яе ўваходзяць Карына Маскаленка (старшыня), Сьюзан Базілі і Моніка Плятэк.

Таксама 19 верасня “на палях” сесіі СПЧ адбыўся сайд-івэнт “Дайце слова ахвярам: парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”. На ім, паводле інфармацыі Офіса Святланы Ціханоўскай, “прагучалі сведчанні былых палітвязняў і праваабаронцаў, якія распавялі пра масавыя рэпрэсіі ў Беларусі, катаванні, адвольныя арышты, пераслед незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці”.

Падзяліцца: