Мінск 12:39

Высілкамі мытні атрымліваецца спыняць спробы ўвозу выбухоўкі, прызначанай для тэрактаў, сцвярджае Лукашэнка

Пласт, як сцвярджаецца, выбуховага рэчыва, схаванага ў аўтамабілі, што перасякаў польска-беларускую мяжу (красавік 2025 года)
Архіўнае фота: ДМК

20 верасня, Позірк. Мытная служба Беларусі “ў складаных умовах палітычнага і эканамічнага ціску на краіну” дэманструе “трываласць і эфектыўнасць”, штодня даказваючы “здольнасць надзейна абараняць інтарэсы дзяржавы і грамадзян”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 20 верасня мытнікаў з прафесійным святам.

“Высокая якасць вашай працы садзейнічае развіццю нацыянальнай эканомікі, пашырэнню знешнеэканамічнай і вытворчай дзейнасці айчынных прадпрыемстваў, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Дзякуючы вашым высілкам атрымліваецца эфектыўна спыняць спробы кантрабанды, увозу буйных партый наркатычных сродкаў, а таксама выбуховых рэчываў, якія прызначаліся для здзяйснення тэрарыстычных нападаў”.

Ад слоў Лукашэнкі пра выбухоўку можа скласціся ўражанне, што падобныя выпадкі рэгулярныя, аднак насамрэч самі ж дзяржаўныя органы за апошні час паведамілі толькі пра адзін.

6 красавіка Дзяржаўны мытны камітэт заявіў, што спынены ўвоз у ЕАЭС найбуйнейшай у гісторыі Беларусі партыі выбухоўкі — 580 кг брызантнага выбуховага рэчыва пентаэрытрыттэтранітрат (ТЭН). Нехта Яўген Манько, як сцвярджалася, спрабаваў увезці гэты груз праз польска-беларускую мяжу і далей транспартаваць у Расію. Мужчыну затрымалі. Па факце правозу выбухоўкі была распачатая крымінальная справа.

7 красавіка Міністэрства замежных спраў Беларусі папракнула ў халатнасці супрацоўнікаў польскай мытні, якія, як было заяўлена, прапусцілі партыю выбухоўкі.

У той жа дзень неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнка паведаміў пра яго тэлефонную размову з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, які, як сцвярджалася, падзякаваў беларускаму боку “за затрыманне найбуйнейшай партыі асабліва небяспечнага грузу — выбухоўкі”.

Варта адзначыць, што польскія структуры засумняваліся ў праўдзівасці гісторыі. Даследчы інстытут NASK, які спецыялізуецца на кібербяспецы, назваў яе дэзінфармацыяй. Такім жа чынам ахарактарызаваў здарэнне спікер Надбужанскага аддзела Памежнай службы Польшчы Дарыюш Сяніцкі.

Прэс-сакратар адказнай за працу мытнікаў Палаты падатковага адміністравання ў Любліне Міхал Дзярусь назваў інфармацыю беларускіх калег часткай “прапагандысцкіх намаганняў” рэжыму Лукашэнкі, падкрэсліўшы, што “для гарантавання бяспекі і эфектыўнасці кантролю на мяжы” робяцца ўсе неабходныя захады.

Падзяліцца: