Мінск 14:01

Палітыку Нацбанка Беларусі і Цэнтрабанка Расіі неабходна сінхранізаваць — Галоўчанка

20 верасня, Позірк. Перад Беларуссю і Расіяй стаіць “вельмі шмат выклікаў” у фінансавай сферы, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка 19 верасня падчас паездкі ва Уфу (Башкартастан, РФ), дзе адбылося 62-е пасяджэнне Міжбанкаўскага валютнага савета дзвюх краін.

Раман Галоўчанка і Эльвіра Набіуліна
Архіўнае фота: прэс-служба Нацбанка Беларусі

Беларускі чыноўнік патлумачыў гэта “ціскам з боку недружалюбных краін”, які “факусуецца ў вялікай ступені на банкаўскай, фінансавай сферы” (відэакаментарый апублікаваны прэс-службай Нацбанка).

“Трэба [гэтыя] фактары заўсёды мець на ўвазе і, натуральна, такім чынам сінхранізаваць нашу палітыку, — заявіў ён, перад гэтым адзначыўшы, што бакі ўжо “вельмі інтэнсіўна і шчыльна” стасуюцца. — Не толькі ў кантэксце нейкага супрацьстаяння [недружалюбным краінам]. Банкаўская сістэма павінна працаваць на карысць эканомікі і забяспечваць эканоміку рэсурсамі, неабходнымі для развіцця”.

На думку Галоўчанкі, неабходна “своечасова абменьвацца новымі рашэннямі, новымі падыходамі і браць адзін у аднаго самае лепшае”.

“Усім, што мы ўдала, напрыклад, укаранілі ў Рэспубліцы Беларусь у гэтай сферы, мы з задавальненнем дзелімся з расійскімі калегамі і наадварот прымаем ад іх таксама гэту дапамогу. Таму вось гэта вельмі важны фокус”, — падкрэсліў ён.

На пасяджэнні Міжбанкаўскага валютнага савета кіраўнік Нацбанка заявіў, што развіццё рынку лічбавых фінансавых актываў і ўкараненне лічбавых валют — гэта “заканамерны этап эвалюцыі фінансавай сістэмы, прадыктаваны развіццём інфармацыйных тэхналогій”.

Кіраўнік беларускага рэгулятара і яго расійская калега Эльвіра Набіуліна падпісалі “Палажэнне аб сумеснай нагляднай калегіі”, прадугледжанае беларуска-расійскім пагадненнем аб супрацы і абмене інфармацыяй, у тым ліку канфідэнцыйнай, у сферы нагляду і (або) кантролю за фінансавым рынкам.

63-е пасяджэнне згаданага савета плануецца правесці ў першай палове 2026 года ў Беларусі.

Пасля таго, як 24 лютага 2022 года Масква распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, а рэжым Аляксандра Лукашэнкі ёй у гэтым дапамог, краіны Захаду ўвялі шматлікія санкцыі супраць Беларусі і Расіі. Абмежавальныя меры закранулі ў тым ліку банкаўскі сектар дзвюх дзяржаў.

Падзяліцца: