Мінск 21:44

Выбары другога віцэ-спікера Каардынацыйнай рады пройдуць 23–24 верасня

Ілюстрацыйнае фота: Element5 Digital / unsplash.com

20 верасня, Позірк. Слуханні кандыдатаў на пасаду другога віцэ-спікера Каардынацыйнай рады (КР) пройдуць у рамках агульнага пасяджэння 23 верасня, галасаванне — 23–24 верасня, паведамляе тэлеграм-канал КР.

Вынікі выбараў будуць абвешчаныя 24 верасня.

З сярэдзіны лета 2024 года да канца вясны 2025-га ў КР быў адзін віцэ-спікер — член фракцыі “Еўрапейскі выбар” Станіслава Гліннік. 21 траўня палітычная структура абрала другога віцэ-спікера — лідара фракцыі “Моладзевы наступ” Лізавету Пракопчык. Сёлета ў жніўні Гліннік склала паўнамоцтвы, з таго часу адна з дзвюх пазіцый віцэ-спікера застаецца вакантнай.

Сёлета ў красавіку Гліннік паведаміла “Позірку”, што не будзе прэтэндаваць на пасаду спікера КР і яшчэ будзе думаць, ці заставацца ёй віцэ-спікерам гэтай структуры. Аргументуючы сваё рашэнне, палітык, якая з’яўлялася таксама асабістай памочніцай беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, адзначыла, што для яе важна захаваць тую частку працы, якая “тычыцца падтрымкі прэзідэнта-элект і дапамогі ёй”.

Гліннік магла стаць спікерам КР аўтаматычна — статут структуры прадугледжвае такі варыянт, калі дзейны кіраўнік не можа выконваць свае функцыі і яго намеснік згодны заняць гэтае месца. Пазіцыя кіраўніка КР фактычна апынулася вакантнай пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай. Пасля адмовы Гліннік пераняць паўнамоцтвы спікерам КР быў абраны Арцём Брухан.

Падзяліцца: