Мінск 16:57

Кавалеўскі, Гарбунова і Хоміч сустрэліся ў ЗША з дыпламатам Смітам — удзельнікам перамоваў з Лукашэнкам па вызваленні палітвязняў

Фота: "Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва"

21 верасня, Позірк. Пра працоўны візіт у ЗША членаў кааліцыі “За вызваленне палітвязняў” Валерыя Кавалеўскага, Вольгі Гарбуновай і Таццяны Хоміч паведамляе тэлеграм-канал “Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва”.

На гэтым тыдні, як адзначаецца, прадстаўнікі кааліцыі правялі ў Вашынгтоне сустрэчы з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара Крыстаферам Смітам, прадстаўнікамі офіса спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне Кіта Келага, Бюро па правах чалавека і працы, а таксама Бюро па міжнародных арганізацыях Дзярждэпартамента.

Таксама паведамляецца аб сустрэчы з дырэктарам па Беларусі ў Савеце нацыянальнай бяспекі Белага дома Мэцью Маклафлінам і “прадстаўнікамі шэрагу амбасадаў у Вашынгтоне”.

“Праведзены таксама брыфінг для прадстаўнікоў еўрапейскіх краін, які прыняла дэлегацыя Еўрасаюза ў ЗША, а таксама брыфінг для прадстаўнікоў экспертнай супольнасці на базе Атлантычнага савета — вядучай аналітычнай структуры Вашынгтона”, — гаворыцца ў паведамленні агенцтва, якое ўзначальвае Кавалеўскі.

Адзначаецца, што “падчас сустрэч і брыфінгаў” абмяркоўваліся “прагрэс у вызваленні палітвязняў, неабходныя дзеянні бакоў, якія будуць надалей спрыяць гэтаму працэсу, змяненне падыходаў да ўзаемадзеяння з Беларуссю па ўнутрыпалітычным парадку дня, па пытаннях рэгіянальнай бяспекі і забеспячэння ўстойлівага міру для Украіны”.

Анансаваны ўдзел прадстаўнікоў кааліцыі ў мерапрыемствах Генеральнай асамблеі ААН.

У лютым гэтага года ў выніку кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША (у тым ліку згаданых Келага і Сміта) былі вызваленыя трое палітвязняў, у чэрвені — яшчэ 14 чалавек (пераважна асуджаных паводле палітычных матываў), у тым ліку муж беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай відэаблогер і палітычны актывіст Сяргей Ціханоўскі, у верасні — 52 (адзін з вызваленых, палітык Мікалай Статкевіч, адмовіўся пакідаць краіну і вярнуўся ў Беларусь з мяжы з Літвой. З тых часоў яго дакладнае месцазнаходжанне невядома; яго атачэнне не выключае, што ён вернуты ў калонію).

Раней паведамлялася аб удзеле Ціханоўскай у мерапрыемствах у рамках 80-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Чакаецца, што ў рамках Генасамблеі ў Нью-Ёрку 25 верасня адбудзецца дадатковае мерапрыемства “Час падсправаздачнасці і справядлівасці: вяршэнства закона пад пагрозай у Беларусі”.

Падзяліцца: