Кампанія “гаманца Лукашэнкі” Вараб’я будуе новы корпус лечкамісіі ў абмен на права ўзвесці ў Мінску тры хмарачосы — BelPol

21 верасня, Позірк. Аб будаўніцтве пад Мінскам новага корпуса Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра (РКМЦ, лечкамісія) Упраўлення справамі Аляксандра Лукашэнкі паведамляецца ў апублікаваным 21 верасня расследаванні аб’яднання BelPol.
Новы лячэбна-прафілактычны корпус узводзіцца недалёка ад асноўных будынкаў РКМЦ каля аграгарадка Ждановічы (Мінскі раён). Раней на гэтым участку зямлі размяшчаліся аздараўленчы цэнтр “Світанак” і санаторый “Лазурны”, якія належалі дзярдаўным структурам, — іх вырашана знесці, гаворыцца ў расследаванні.
Паводле звестак BelPol, 25 верасня 2023 года асабістым распараджэннем Лукашэнкі “Світанак” і “Лазурны” разам з зямельным участкам былі прададзеныя за суму, эквівалентную 1,5 млн долараў, ТАА “ЛэндРэсурс”. Гэта было зроблена “без адкрытага тэндэру, без публікацый у СМІ”, на рашэнне Лукашэнкі накладзены грыф “Для службовага карыстання”, адзначаюць расследвальнікі.
Пры гэтым на згаданым участку зямлі будуецца таксама шматфункцыянальны комплекс агульнай плошчай больш за 14 тыс. квадратных метраў, які ўключае ў сябе “СПА, лазні, трэнажорную залу, кавярню, масажныя пакоі, купель, канферэнц-залу, гасцінічны блок, офісныя памяшканні” і інш., паведамляе BelPol.
Кошт работ арганізацыя ацэньвае ў суму не менш за 75 млн долараў.
Заяўляецца, што здача аб’ектаў у эксплуатацыю запланаваная на лістапад 2025 года. Пасля гэтага — да 31 снежня — “ЛэндРесурс” абавязаны бязвыплатна перадаць “усё пабудаванае” РКМЦ.
Паводле звестак аўтараў расследавання, кампанія “ЛэндРэсурс” была зарэгістраваная ў Полацку (Віцебская вобласць) 14 снежня 2018 года, заяўлены від дзейнасці — аптовы гандаль вуглём, лесаматэрыяламі, санітарна-тэхнічнымі матэрыяламі і інш.
Адзначаецца, што да канца 2024 года заснавальнікам і дырэктарам “ЛэндРэсурса” быў Сяргей Анцэн, які “доўгі час працаваў у кампаніі “Інтэрсэрвіс”, падкантрольнай набліжанаму да сям’і Лукашэнкі бізнесмену Мікалаю Вараб’ю”.
У 2021–2022 гадах “ЛэндРэсурс” займаўся імпартам у Беларусь расійскай нафты (заробак ад гэтай дзейнасці мог скласці каля 2,2 млрд долараў), пры гэтым Варабей, як сцвярджаецца, лічыўся ў фірме дарадцам дырэктара па развіцці замежнаэканамічных сувязяў.
Падкрэсліваецца, што фінансавыя паказчыкі кампаніі “засакрэчаныя рэжымам”, а сама яна дэ-факта з’яўляецца “кампаніяй Мікалая Вараб’я, вядомага гаманца рэжыму Лукашэнкі”.
З 30 снежня 2024 года кіраўніком і заснавальнікам “ЛэндРэсурса” з’яўляецца Дзмітрый Шэльпук, які “практычна ўсю працоўную кар’еру” прапрацаваў у замежным таварыстве з абмежаванай адказнасцю “РН-Захад” — даччынай кампаніі карпарацыі “Раснафта”.
Са спасылкай на наяўныя дакументы BelPol паведамляе таксама аб інвестыцыйным праекце “Сэрца сталіцы”, яго сутнасць — будаўніцтва ў Мінску шматфункцыянальнага жылога комплексу прэміум-класа з гандлёва-адміністрацыйным цэнтрам.
“Аб’ект уяўляе сабой тры “вежы” вышынёй да 50 паверхаў кожная ў непасрэднай блізкасці адна да адной. Яны будуць аб’яднаныя стылабатам і прымыкаючым гандлёва-адміністрацыйным цэнтрам <…> у межах вуліц Тамашэўскай, Ціміразева і завулка Тучынскага”, — гаворыцца ў расследаванні.
Аб’яднанне падкрэслівае, што праект “будзе рэалізаваны, натуральна, у рамках указа Лукашэнкі, падрыхтоўка якога вядзецца проста цяпер”, і “ўказ гэты будзе з грыфам “Для службовага карыстання”.
Агульная плошча аб’ектаў шматфункцыянальнага комплексу складзе 189.360 кв.м (плошча трох жылых дамоў — 144.360 кв.м), завяршэнне будаўніцтва намечанае на снежань 2029 года.
Паведамляецца, што рэалізацыяй праекта займаецца ТАА “Мультыхаус” — зарэгістраванае ў Мінску даччыная юрыдычная асоба кампаніі Multi Building Constructing (ААЭ).
Абедзве кампаніі BelPol называе “фірмамі-пустышкамі”, звяртаючы ўвагу, што Multi Building Constructing зарэгістраваная ў ААЭ па адрасе “сельскай крамкі” ў 9-тысячным населеным пункце Масфут.
Кошт праекта “Сэрца сталіцы” ацэньваецца ў 262,2 млн долараў. Адзначаецца, што “Мультыхаўс” разлічвае на “ўласныя сродкі” сумаю 63 млн долараў, на банкаўскі крэдыт (25 млн) і “сродкі дольнікаў” (164 млн).
Пры гэтым, як заяўляецца, забудоўшчык атрымае падатковыя льготы.
“За пабудову новага лячэбнага корпуса для Лукашэнкі Варабей спачатку атрымаў магчымасць гандляваць нафтапрадуктамі, а цяпер атрымаў у сваё кіраванне фірму, якая мае прамое дачыненне да інвестыцыі пад назвай “Сэрца сталіцы”, якія часткова будзе аплачвацца з дзяржаўнага бюджэту і асабістым указам Лукашэнкі будзе вызваленая ад выплаты падатку на прыбытак, нерухомасць і зямельнага падатку”, — удакладняе BelPol.
“На наш погляд, не варта тлумачыць, што ўвесь прыбытак будзе выведзены на рахункі ў [Аб’яднаныя] Арабскія Эміраты і самі пабудовы таксама будуць належаць не Беларусі”, — заяўляе аб’яднанне.
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка