Мінск 15:20

За тыдзень беларускім бязвізам скарысталася менш за 3 тыс. еўрапейцаў

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

22 верасня, Позірк. З 15 па 22 верасня ў Беларусь без віз уехала 2.937 грамадзян еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 4.164), сведчаць даныя Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты перыяд у Беларусь прыбыў 1.381 грамадзянін і неграмадзянін Латвіі (1.856), 854 грамадзяніны Літвы (1.078), 68 грамадзян Польшчы (299) і 634 грамадзяніны іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу (931).

Агулам з 15 красавіка 2022 года ў бязвізавым парадку ў Беларусі пабывала 1.206.343 жыхары Еўропы. З Літвы прыбыў 648.131 чалавек, Латвіі — 386.896, Польшчы — 122.125. З 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь прыехаў 49.191 замежнік.

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — Польшчы. 19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы.

Гаворка пра жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі. Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Бязвіз для жыхароў 38 еўрапейскіх краін дзейнічае да канца 2025-га, аднак, хутчэй за ўсё, будзе падоўжаны, як гэта ўжо адбывалася.

Грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “на падставе сапраўдных дакументаў”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Апоўначы 12 верасня Польшча закрыла мяжу з Беларуссю на ўезд і на выезд.

Падзяліцца: