Мінск 10:56

У Маладзечанскім раёне пачаліся вучэнні тэраабароны па барацьбе з дыверсантамі

Удзельнік збораў тэрытарыяльных войскаў Пастаўскага раёна (красавік 2025 года)
Ілюстрацыйнае фота: Павел Сурынаў / ІА "Ваяр"

23 верасня, Позірк. Камандна-штабныя вучэнні праводзяцца 23–25 ​​верасня ў рамках збораў тэрытарыяльных войскаў Маладзечанскага раёна (Мінская вобласць), паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Удзел бяруць прызваныя з запасу ваеннаабавязаныя, супрацоўнікі органаў унутраных спраў, а таксама “добраахвотнікі народнага апалчэння”.

Манеўры закліканыя ўдасканаліць навыкі афіцэраў па “кіраванні падначаленымі сіламі тэрытарыяльнай абароны”, а таксама навучыць асабовы склад “зладжаным дзеянням пры вырашэнні задач” тэраабароны.

На працягу трох дзён плануецца “адпрацаваць пытанні” аховы і абароны аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны, барацьбы з дыверсійна-выведвальнымі групамі, забеспячэння мер ваеннага становішча (у тым ліку з удзелам “народнага апалчэння”).

Асаблівасцю вучэнняў названае “навучанне кіраванню тэрытарыяльнымі войскамі, узмоцненымі артылерыйскімі падраздзяленнямі, у ходзе знішчэння дыверсійна-выведвальных груп праціўніка”.

Напярэдадні ў Маладзечанскім раёне прайшлі аднадзённыя зборы, у якіх узялі ўдзел начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны — намеснік начальніка Генеральнага штаба Андрэй Краўчанка і старшыні раённых (гарадскога) выканаўчых камітэтаў, якія займаюцца пытаннямі тэрытарыяльнай абароны Мінскай вобласці.

21–23 верасня ў вучэннях па барацьбе з дыверсантамі задзейнічаная тэраабарона Кастрычніцкага раёна Мінска.

Як паведамляў Позірк, зборы з ваеннаабавязанымі, прызначанымі для камплектавання тэрытарыяльных войск Маладзечанскага раёна (Мінская вобласць) і Кастрычніцкага раёна Мінска, распачаліся 2 верасня.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама вайсковымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы, якая забяспечвае, трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Падзяліцца: