Мінск 21:22

У затрыманага ў Польшчы беларуса знойдзены спіс суайчыннікаў, якія атрымалі прытулак у краіне — СМІ

Ілюстрацыйнае фота: ABW

23 верасня, Позірк. У затрыманага ў Польшчы грамадзяніна Беларусі Уладзіслава Н. знойдзены спіс суайчыннікаў, якія атрымалі ў гэтай краіне прытулак, паведамляе выданне RMF24.

Сцвярджаецца, што паводле загаду КДБ Беларусі мужчына сачыў за фігурантамі спісу, збіраў на іх інфармацыю і перадаваў яе ў Мінск.

Следства ўстанаўлівае, ці арганізоўваў Уладзіслаў Н. правакацыі ў дачыненні да асобаў са спісу, гаворыцца ў публікацыі. З гэтай мэтай супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ) апытваюць фігурантаў згаданага пераліку. У прыватнасці, высвятляецца, ці сутыкаліся яны з пагрозамі, шантажом, ці заўважалі за сабой сачэнне.

Выданне адзначае, што праца з дыяспарай “была толькі адным з кірункаў дзейнасці” Уладзіслава Н. у Польшчы, яго таксама абвінавацілі ў “дзеяннях у інтарэсах замежнай разведкі супраць польскай дзяржавы”. “Мяркуецца, што ён атрымліваў грошы за прадстаўленне інфармацыі”, — паведамляецца ў матэрыяле.

Пра затрыманне Уладзіслава Н. 8 верасня і змяшчэнне яго пад варту на тры месяцы АУБ паведаміла 10 верасня. Адзначалася, што ён ажыццяўляў разведвальную дзейнасць на тэрыторыі Польшчы і Венгрыі, а затрыманне беларуса стала вынікам “доўгай аперацыі, праведзенай АУБ сумесна з чэшскімі, венгерскімі, румынскімі і малдаўскімі спецслужбамі”.

9 верасня пракурор прад’явіў яму абвінавачанне ва ўдзеле ў дзейнасці знешняй разведкі супраць Рэспублікі Польшча.

Пра раскрыццё шпіёнскай сеткі Мінска ў выніку сумеснай працы са спецслужбамі Венгрыі і Румыніі Служба бяспекі і інфармацыі (контрразведка) Чэхіі паведаміла 8 верасня.

У той жа дзень СМІ паведамлялі, што ў поле зроку спецслужбаў падчас міжнароднай контрразведвальнай аперацыі трапіў і беларус, які жыве ў Польшчы.

“Гэты чалавек, які жыве недалёка ад польска-беларускай мяжы, працуе таксістам і з’яўляецца членам беларускай апазіцыі”, — адзначалі медыя.

Паводле даных партала reform.news, затрыманы — 33-гадовы Уладзіслаў Надзейка, які раней уваходзіў у склад беластоцкай харугвы “Паспалітага рушэння”.

9 верасня ў МЗС Польшчы быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі, якому было заяўлена пра пазбаўленне дыпламатычнай акрэдытацыі і абвяшчэнне персонай нон грата ў Польшчы беларускага дыпламата, які непасрэдна займаўся разведвальнай дзейнасцю.

19 верасня ў МЗС Беларусі быў выкліканы часовым павераны ў справах Польшчы, з якім “адбылася прадметная размова на тэму бягучага стану беларуска-польскіх стасункаў”. Пра высылку польскіх дыпламатаў з Беларусі не паведамлялася.

Стасункі Мінска і Варшавы абвастрыліся пасля затрымання ў Лепелі (Віцебская вобласць) жыхара Кракава Гжэгажа Гавела 1998 года нараджэння (пасля высветлілася, што ён манах-кармеліт). У прапагандысцкім фільме на дзяржТБ (выйшаў 4 верасня) яго абвінавацілі ў зборы сакрэтнай інфармацыі для АУБ. Польшча паабяцала адрэагаваць на тое, што адбылося.знойдзены

Падзяліцца: