Мінск 19:32

Пацярпелыя ад дзеянняў Стрыжака не звярталіся ў праваахоўныя органы — BySol

Ілюстрацыя: BySol

24 верасня, Позірк. Ніхто з пацярпелых ад дзеянняў сузаснавальніка фонду салідарнасці BySol Андрэя Стрыжака не звяртаўся з заявай у праваахоўныя органы краін знаходжання. Пра гэта было заяўлена на брыфінгу арганізацыі 24 верасня.

Прадстаўнікі фонду адзначылі, што спецыяльнай камісіяй верыфікавана 12 эпізодаў неналежных паводзін Стрыжака. 7 з іх тычацца “адпраўкі паведамленняў непажаданага характару, яшчэ 7 — “выкарыстання службовага становішча” (некаторыя “кейсы”, як было ўдакладнена, могуць падыходзіць пад абедзве катэгорыі).

Інфармацыя збіралася камісіяй з дапамогай паказанняў пацярпелых, апытанняў сведак і іншых людзей, даследавання інтэрнэт-перапісак.

Прадстаўнікі BySol паведамілі, што некаторыя эпізоды адносяцца да “дабраатрымальнікаў фонду” — людзей, якія “знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі з-за рэпрэсій ці вайны”, альбо арганізацый грамадзянскай супольнасці, актывістаў, іншых ініцыятыў.

Паводле слоў спікераў, функцыянальныя абавязкі, якія Стрыжак будзе выконваць на працягу бліжэйшых шасці месяцаў, фонд вызначыць да сярэдзіны наступнага тыдня.

Пра тое, што сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак працягне працу ў праекце, але ў “абмежаваным фармаце”, арганізацыя паведаміла 24 верасня.

У прыватнасці, ён не будзе выконваць кіруючых і прадстаўніцкіх функцый.

У “абмежаваным фармаце” сузаснавальнік фонду будзе працаваць да 19 сакавіка 2026 года (на брыфінгу было падкрэслена, што гэта “максімальна магчымы тэрмін”). Стрыжак адхілены не толькі ад кіроўных і прадстаўніцкіх, але і ўстаноўчых функцый у BySol — “фармальна і нефармальна”, адзначыла арганізацыя.

Устаноўчыя функцыі перадаюцца дырэктару фонду Віталіусу Моцкусу. Падкрэслівалася, што ўсе публічныя заявы Стрыжака цяпер не з’яўляюцца афіцыйнай пазіцыяй BySol.

Заяўлена, што “па заканчэнні шасцімесячнага тэрміну будзе праведзена ацэнка супрацоўніцтва і прынята рашэнне аб далейшым працягу і фармаце працы”.

“Мы пачынаем ўнутраную рэформу кіравання арганізацыяй і працягваем сваю дзейнасць”, — адзначыў BySol.

Пры гэтым паведамлялася, што “па стане на 23.09.2025 аб сваім рашэнні пакінуць каманду заявілі трое супрацоўнікаў”. Прадстаўнікі BySol паведамілі на брыфінгу, што сыход трох супрацоўнікаў прадыктаваны нязгодай з фінальным рашэннем па сітуацыі з абвінавачваннямі Стрыжака ў харасменце.

23 ліпеня BySol паведаміў, што Стрыжак адхілены ад “кіруючай пасады” і “выканання прадстаўніцкіх функцый” у фондзе салідарнасці. Адзначалася, што адхіленне будзе дзейнічаць у “перыяд правядзення разбіральніцтва”, звязанага з абвінавачваннем Стрыжака ў харасменце.

21 ліпеня на “Еўрарадыё” выйшаў матэрыял “Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дыкпікі”. У ім сцвярджалася, што кіраўнік BySol Стрыжак высылаў беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікі (фатаграфіі свайго палавога члена). Некалькі прадстаўніц фемінісцкай супольнасці пацвердзілі “Еўрарадыё”, што ведаюць пра сітуацыю. Ім вядома як мінімум пра сем падобных кейсаў. Дзве дзяўчыны падзяліліся са згаданым СМІ сваімі гісторыямі.

У той жа дзень Стрыжак на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” адзначыў, у прыватнасці, што “ў жыцці кожнага чалавека бываюць учынкі, якія не робяць яму гонару”, і папрасіў прабачэння перад усімі, каго яго ўчынкі “маглі абразіць, закрануць або ўстрывожыць”. Паводле сцвярджэння кіраўніка BySol, яго дзеянні “не прадугледжвалі прымусу, злоўжывання службовым становішчам, жадання нажывы або чагосьці падобнага”.

Аб’яднаны пераходны кабінет заявіў аб недапушчальнасці любой праявы харассмента або дамаганняў, “выкарыстання свайго статусу ў грамадзянскай супольнасці дзеля паводзін, якія парушаюць асабістыя межы іншых людзей, якія закранаюць, зневажаюць, абражаюць жанчын і якія ствараюць прастору эмацыйнай, псіхалагічнай і фізічнай небяспекі для іх”.

Падзяліцца: