Мінск 13:03

Украіна фактычна скасавала сумесную з Беларуссю камісію па вайскова-тэхнічнай супрацы

26 верасня, Позірк. З пераліку міжурадавых камісій па вайскова-тэхнічнай супрацы Украіны выключана тая, што функцыянавала сумесна з Беларуссю, паведаміў 25 верасня ў сваім тэлеграм-канале прадстаўнік урада ў Вярхоўнай Радзе Тарас Мельнічук.

У пералік адпаведных камісій замест беларуска-украінскай уключаная ўкраінска-румынская.

Згодна з пастановай Кабінета міністраў Украіны, старшынёй украінскай часткі профільных міжурадавых камісій з’яўляецца намеснік міністра абароны.

Паводле інфармацыі на сайце Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі, на пасяджэнні згаданай камісіі, якое прайшло ў 2012 годзе ў Мінску, бакі “пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым развіцці вайскова-тэхнічнай супрацы”.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у якой Беларусь падтрымлівае Расію, Кіеў і Мінск скасавалі шмат дагавораў пра двухбаковую супрацу.

У лютым 2025 года ўрад Украіны прыняў рашэнне пра дэнансацыю двухбаковага пагаднення з Беларуссю аб “прынцыпах супрацы і ўмовах узаемаадносін у галіне сувязі”.

У красавіку 2024 года стала вядома, што Украіна выйшла з пагаднення з дзяржавамі — удзельніцамі СНД аб супрацы ў галіне аховы здароўя насельніцтва, заключанага 26 чэрвеня 1992 года ў Мінску, а таксама з пагаднення аб супрацы ў галіне дзяржаўнага выпрабавання і аховы сартоў раслін.

22 снежня 2023 года Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла законапраект аб спыненні дзеяння міжурадавага пагаднення з Беларуссю аб свабодным гандлі.

29 лістапада таго ж года Беларусь заявіла пра спыненне дзеяння пагаднення аб узаемным пераводзе і выплаце пенсій (Украіна дэнансавала гэта пагадненне за паўгода да гэтага — 29 траўня).

19 верасня 2023 года абедзве палаты беларускага парламента прынялі, а Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб прыпыненні дзеяння пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай аб рэгуляванні працэсу перасялення і абароне правоў перасяленцаў і членаў іх сем’яў”. Дакумент быў падрыхтаваны “ў рамках мер у адказ на недружалюбныя дзеянні Украіны ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь”, яго рэалізацыя нібыта “будзе садзейнічаць абароне нацыянальных інтарэсаў” Беларусі.

Падзяліцца: