Мінск 15:05

У спіс “тэрарыстаў” унесена 11 чалавек, у тым ліку Стрыжак, Лявончык і Лапко

27 верасня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі дадаў у спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, яшчэ 11 чалавек. У абноўленым пераліку, апублікаваным у спецыяльным тэлеграм-канале КДБ 26 верасня, зараз фігуруе 1.467 пазіцый (1.344 чалавекі).

У спіс унесены асуджаныя, прыгаворы якім пачалі дзейнічаць: паводле арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) Крымінальнага кодэкса Дзмітрый Грышкевіч; арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) Андрэй Нехвядовіч і Максім Гелясін; 130 і 361 Віталь Каледа; 130, 361, 2891 (прапаганда тэрарызму), 2901 (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) Андрэй Стрыжак (прадстаўнік фонду салідарнасці BySol), Аляксей Лявончык (кіраўнік фонду салідарнасці By_Help), Яраслаў Ліхачэўскі, Аляксей Кузьмянкоў, кіраўнік “Беларускага моладзевага хаба” ў Варшаве Аляксандр Лапко, Аляксандра Жук (па даных КДБ, можа быць вядомая, як Аляксандра Жучэнка), Аляксандр Падгорны.

У Беларусі “амаль любое іншадумства таўруюць як “экстрэмізм” ці “тэрарызм”, гэта стала “асноўным інструментам рэпрэсій”, такая тэза змяшчаецца ў дакладзе праваабарончых арганізацый Article 19 і Human Constanta з аналізам беларускага “антыэкстрэмісцкага” заканадаўства і канкрэтнымі прыкладамі яго прымянення.

Падобнай практыкай, адзначылі праваабаронцы ў апублікаваным 7 жніўня дакуменце, Беларусь “падае прыклад аўтарытарным рэжымам і тым, хто імкнецца да аўтарытарызму”.

У дакладзе вылучаецца “экасістэма” рэпрэсій пад лозунгам “барацьбы з экстрэмізмам”. На думку праваабаронцаў, яна абапіраецца на спецыяльныя законы аб барацьбе з “экстрэмізмам” і “тэрарызмам”; адпаведныя крымінальныя і адміністрацыйныя правапарушэнні; шматлікія “спісы экстрэмістаў”; папраўкі, якія дазваляюць пазбаўляць грамадзянства за “экстрэмісцкія злачынствы”, прызначаць смяротнае пакаранне за “тэрарыстычныя акты” і “дзяржаўную здраду”, а таксама пазначаць зняволеных як “схільных да экстрэмізму”.

Звяртаецца ўвага, што “палітызаваны характар гэтай сістэмы неаднаразова зазнаваў крытыку”, у тым ліку з боку спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Групы незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, дакладчыкаў Маскоўскага механізму АБСЕ, а таксама міжнародных і мясцовых НДА.

Падзяліцца: