Мінск 16:22

Стрыжак сыходзіць з BySol (дапоўнена)

Фота: "Позірк"

29 верасня, Позірк. Сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак пакідае арганізацыю. Пра гэта фонд паведаміў у сваім тэлеграм-канале.

Чакаецца, што 30 верасня ён падпіша дакументы аб перадачы заснавальніцтва.

Таксама анансаваныя “структурныя змены” фонду і “перафарматаванне” яго дырэктарата.

“Члены арганізацыі, якія раней агучвалі свой намер пакінуць арганізацыю, атрымалі просьбу знайсці магчымасць перагледзець рашэнне ў сувязі з новымі абставінамі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама фонд паведаміў аб стварэнні працоўнай групы, якая “ініцыюе змены ў статут і выпрацуе новы алгарытм абрання органа кіравання”.

“Мы робім усё магчымае, каб гэтыя перамены не ўплывалі на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій і каб BySol заставаўся моцнай і эфектыўнай арганізацыяй”, — падкрэслівае фонд.

Пра рашэнне пакінуць арганізацыю Стрыжак напісаў у сваім тэлеграм-канале. Паводле слоў праваабаронцы, рашэнне далося яму нялёгка. “Але я разумею тую адказнасць, якую нясу за лёс аднаго з ключавых праектаў па дапамозе палітвязням і іх сем’ям. BySol павінен працягваць працаваць. Я прыкладу ўсе намаганні, каб каманда змагла без страт перажыць крызіс. Спадзяюся, гэта верне давер да арганізацыі ў беларусаў і міжнародных партнёраў”, — адзначыў Стрыжак.

Раней шэраг арганізацый заявілі аб спыненні супрацоўніцтва з фондам.

На сайце кааліцыі “Хуткая гуманітарная дапамога” (ХГП), куды ўваходзіў BySol, 27 верасня з’явілася заява аб спыненні існавання.

Ініцыятыва дапамогі былым палітвязням “Volnyja” адмовілася ад супрацоўніцтва з BySol.

У абгрунтаванні рашэння гаворыцца: “Цягам апошніх месяцаў мы ўважліва сачылі за працэсам разгляду выпадкаў, звязаных з абвінавачваннямі супраць Андрэя Стрыжака, і чакалі афіцыйнага вываду камісіі і пазіцыі самога фонду. BySol прыняў рашэнне пакінуць Андрэя Стрыжака ў камандзе, хоць і ў абмежаваным фармаце. Ініцыятыва “Volnyja” не падтрымлівае пазіцыю і рашэнне BySol. Мы перакананыя, што, зыходзячы з вынікаў разгляду, Андрэй Стрыжак не можа заставацца ў камандзе фонду. Гэта стварае небяспечную прастору для атрымання дапамогі”.

26 верасня стала вядома, што BySol выключаны з Міжнароднага гуманітарнага фонду (МГФ).

24 верасня 2025 года BySol паведаміў, што спецыяльна створаная камісія рэкамендавала цалкам спыніць супрацоўніцтва з сузаснавальнікам фонду Андрэем Стрыжаком пасля разгляду “12 кейсаў харасмента”.

Стрыжак з рашэннем камісіі не пагадзіўся, назваўшы яго “празмерным і непрапарцыйным як па сутнасці, так і па працэдуры”. Таксама ён паведаміў камісіі аб “асабістых абавязацельствах, накіраваных на выпраўленне нанесенай шкоды”.

У выніку было прынятае рашэнне, што Стрыжак працягне працу ў праекце, але ў “абмежаваным фармаце”, у прыватнасці, ён не будзе выконваць кіруючых функцый. Рашэнне аб захаванні супрацоўніцтва было прынятае па выніках тайнага галасавання каманды фонду (без удзелу Стрыжака).

Падкрэслівалася, што ў “абмежаваным фармаце” сузаснавальнік фонду будзе працаваць да 19 сакавіка 2026 года. Стрыжак адхілены не толькі ад кіруючых, але і ад прадстаўніцкіх і ўстаноўчых функцый у BySol — “фармальна і нефармальна”.

Устаноўчыя функцыі перадаюцца дырэктару фонду Віталіюсу Моцкусу. Адзначаецца, што ўсе публічныя заявы Стрыжака з гэтага часу не з’яўляюцца афіцыйнай пазіцыяй BySol.

21 ліпеня на “Еўрарадыё” выйшаў матэрыял “Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дыкпікі”. У ім сцвярджалася, што кіраўнік BySol Стрыжак высылаў беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікі (фатаграфіі свайго палавога члена). Некалькі прадстаўніц фемінісцкай супольнасці пацвердзілі “Еўрарадыё”, што ведаюць пра сітуацыю. Ім вядома па меншай меры пра сем падобных кейсаў. Дзве дзяўчыны падзяліліся са згаданым СМІ сваімі гісторыямі.

23 ліпеня BySol паведаміў, што Стрыжак адхілены ад “кіруючай пасады” і “выканання прадстаўніцкіх функцый” у фондзе салідарнасці. Адзначалася, што адхіленне будзе дзейнічаць у “перыяд правядзення разбіральніцтва”, звязанага з абвінавачваннем Стрыжака ў харасменце.

У той жа дзень Стрыжак на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” адзначыў, у прыватнасці, што “ў жыцці кожнага чалавека бываюць учынкі, якія не робяць яму гонару”, і папрасіў прабачэння перад усімі, каго яго ўчынкі “маглі абразіць, закрануць або ўстрывожыць”.

Аб’яднаны пераходны кабінет заявіў аб недапушчальнасці любой праявы харасмента або дамаганняў, “выкарыстання свайго статусу ў грамадзянскай супольнасці дзеля паводзін, якія парушаюць асабістыя межы іншых людзей, што закранае, зневажае, абражае жанчын і стварае прастору эмацыйнай, псіхалагічнай і фізічнай небяспекі для іх”.

Падзяліцца: