Мінск 10:35

Звязаная з “кашалькамі” Лукашэнкі кампанія пастаўляла ў РФ забаронены растваральнік, які выкарыстоўваецца ў хімічнай зброі — БРЦ

Ілюстрацыя (створаная з дапамогай ШІ): БРЦ

30 верасня, Позірк. Зарэгістраванае ў Беларусі таварыства з абмежаванай адказнасцю “ВЛАТЭ Лагістык” паставіла ў Расію забароненыя тавары больш чым на 15 млн долараў, вынікае з публікацыі Беларускага расследвальніцкага цэнтра (БРЦ).

Перш за ўсё гаворка ідзе аб забароненым для ўвозу з тэрыторыі ЕС у РФ увесну 2022 года растваральніку NMP, які выкарыстоўваецца ў хімічнай зброі. Таксама гэты растваральнік ўжываецца для вытворчасці аграхімікатаў, фарбаў і падобных пакрыццяў, клею, герметыкаў, у фармацэўтыцы і ў некаторых ваенных мэтах, у прыватнасці, у вырабе акумулятараў высокай ёмістасці і кеўлару — высокатрывалага валакна, з якога шыюць ваенную форму.

Адзначаецца, што ў Каталоніі (Іспанія) расследуецца справа аб пастаўках падсанкцыйнага хімікату. Яе фігурантамі з’яўляецца дзевяць чалавек, сярод якіх члены адной сям’і з Расіі Марыя, Вячаслаў і Ірына Алейнікавы. Пасля затрымання ўсіх падазраваных вызвалілі, але яны “застаюцца пад следствам”, гаворыцца ў публікацыі.

“Следства падазрае, што Марыя Алейнікава знаходзілася ў цэнтры меркаванай схемы, па якой іспанскія кампаніі адпраўлялі хімікаты ў Расію ў абыход санкцый ЕС. <…> Алейнікава — саўладальніца іспанскай кампаніі Catrosa Productos Quimicos SL, таксама [ёй] належыць кампанія Complexe Sancu SL у Іспаніі, якой кіруюць яе дзеці — Вячаслаў і Ірына Алейнікавай, і доля расійскага ТАА “Катроса рэактыў”. Апошняе — канчатковы атрымальнік падсанкцыйнага растваральніка”, — адзначаюць расследвальнікі.

Паводле даных расійскай мытні, у 2023 годзе “Катроса рэактыў” купіла каля 16 тон растваральніка NMP. У 2024 годзе — яшчэ 21,3 тоны хімічнага рэчыва пад тым жа таварным кодам, але без указання назвы тавару. З іх 16 тон прыйшло ад Complexe Sancu SL. Астатнія 5 тон растваральніка даставіла беларускае ТАА “ВЛАТЭ Лагістык”.

Удакладняецца, што беларуская кампанія пастаўляла хімрэактыў па даручэнні кыргызскай кампаніі “НК Мурас” і армянскай “Авінекс”.

У расследаванні адзначаецца, што сярод пакупнікоў “Катроса рэактыў” у 2022–2024 гадах былі арганізацыі, звязаныя з абаронным сектарам Расіі: 18-ы Цэнтральны навукова-даследчы інстытут, звязаны з вайсковай выведкай, Навукова-даследчы інстытут прыкладной акустыкі (знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за закупкі хімікатаў, прыдатных для стварэння баявых атрутных рэчываў), і Дзяржаўны навукова-даследчы інстытут арганічнай хіміі і тэхналогіі. Яго называюць распрацоўшчыкам “Навічка” — рэчыва, сляды якога знайшлі ў крыві расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага пасля атручвання ў 2020 годзе.

Адзіным уладальнікам “ВЛАТЭ Лагістык” з траўня 2017 года па снежань 2020-га было ТАА “Брэміна Груп”. Да яго маюць дачыненне бізнесмены Аляксандр Зайцаў, Аляксей Алексін і Мікалай Варабей, адзначаюць расследвальнікі. Гэтых людзей называюць “кашалькамі” Аляксандра Лукашэнкі. З 2020 года ўладальнік змяніўся, але названыя асобы па-ранейшаму маюць дачыненне да кампаніі, гаворыцца ў расследаванні.

Улетку 2021 года “Брэміна Груп” трапіла пад заходнія санкцыі з-за сувязяў з Лукашэнкам, у канцы 2024-га ў санкцыйным спісе ЕС і ЗША апынулася і “ВЛАТЭ Лагістык”.

“Юрыдычна пастаўкі забароненых тавараў у Расію па гэтай схеме, звязанай з беларускімі бізнесменамі, удалося перакрыць. Але, як бывае ў гісторыях з абыходам эмбарга, адзін канал перакрываюць — з’яўляецца новы. Мы праверылі людзей і кампаніі, звязаныя з “ВЛАТЭ Лагістык”, і знайшлі патэнцыйных удзельнікаў новага абыходнага ланцужка”, — адзначае БРЦ.

Паводле звестак расследвальнікаў, з 2019 года ў “ВЛАТЭ Лагістык” працуе Ганна Елпаева, якой са жніўня 2023 года належыць ТАА “Гандлёвы Дом Экспартгандаль” — мінская кампанія, якая займаецца неспецыялізаваным аптовым гандлем. З траўня 2021-га да жніўня 2023-га доляй у ёй валодаў Яўген Крахоцін. Ён жа меў долю ў “ВЛАТЭ Лагістык”. А яшчэ раней уласнікам кампаніі “Гандлёвы Дом Экспартгандаль” быў згаданы вышэй экс-саўладальнік “ВЛАТЭ Лагістык” Аляксандр Зайцаў.

Паводле падлікаў расследвальнікаў, “Гандлёвы Дом Экспартгандаль” увёз у Расію не менш за 825 мікрасхем амерыканскай і еўрапейскай вытворчасці. З лютага 2022-га па жнівень 2024-га, дзякуючы гэтай кампаніі, Расія атрымлівала амерыканскія працэсары для кампутараў, рознае тэлекамунікацыйнае абсталяванне, аўтазапчасткі і іншы тавар, які падпадае пад экспартныя абмежаванні ЗША на суму 450 тыс. долараў.

“Гандлёвы Дом Экспартгандаль” не знаходзіцца пад санкцыямі, а значыць, “можа працягваць дастаўляць у РФ кампаненты, неабходныя, у тым ліку, і для вытворчасці зброі”, падкрэслівае БРЦ.

Падзяліцца: