Мінск 08:24

Верасні апошніх трох гадоў сталі найцяплейшымі ў Беларусі за перыяд пасля 1945 года

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 5 кастрычніка 2025 года ў 12:00

Ілюстрацыя: "Позірк"

4 кастрычніка, Позірк. Верасні апошніх трох гадоў увайшлі ў тройку найцяплейшых у Беларусі за перыяд пасля 1945 года, сведчыць праведзены “Позіркам“ параўнальных аналіз дакладаў Белгідрамета па выніках першага месяца восені ў 2023–2025 гадах.

На першай пазіцыі верасень 2024 года з сярэдняй тэмпературай плюс 17,5 градуса — на 4,7 градуса вышэй за кліматычную норму. На другім месцы верасень 2023 года (16,2 градуса, вышэй за норму на 3,5), на трэцім — верасень 2025 года (15, вышэй за норму на 2,3).

У мінулым месяцы станоўчая анамалія адзначалася на ўсёй тэрыторыі краіны (ад 2 градусаў у Магілёўскай вобласці да 2,6 — у Брэсцкай).

Цяплей звычайнага было ў першай і другой дэкадах (адпаведна 18,6 супраць 14,5 градуса і 15,6 супраць 12,7). У трэцяй дэкадзе тэмпература апынулася крыху ніжэй за сярэднія шматгадовыя значэнні (10,7 супраць 10,8).

Гарачэй за ўсё было 3 верасня ў Драгічыне Брэсцкай вобласці (31,2 градуса), халадней за ўсё — 26 верасня ў Клічаве Магілёўскай вобласці (5,2 ніжэй за нуль).

Верасень 2025 года заняў 9-е месца сярод найбольш засушлівых за апошнія 80 гадоў: выпала 27 мм ападкаў (27 л вады на квадратны метр тэрыторыі), або 51% месячнай нормы. Лідэрства па гэтым паказчыку захоўвае верасень 1949 года (16 мм ападкаў), адзначае Белгідрамет.

У Полацку, Лепелі і Бярэзінскім запаведніку (усе — Віцебская вобласць) абноўленыя гістарычныя месячныя мінімумы сумы ападкаў: у Полацку выпала 10,8 мм (папярэдні рэкорд — 12 мм у 1913 годзе), у Лепелі — 6,3 мм (7,9 мм у 2023-м), у запаведніку — 15,1 мм (15,5 мм у 2000-м). Пры гэтым у рэгіянальным разрэзе найбольш суха было ў Магілёўскай вобласці — 19 мм ападкаў (37 мм), у дэкадным — з 1 па 10 верасня (4 мм, або 18% дэкаднай нормы).

25 і 26 верасня ў Беразіно (Мінская вобласць) адзначалася “рэдкая для гэтай пары галалёдная з’ява“.

Моцных вятроў не было: максімальная зарэгістраваная хуткасць склала 18 м/с (11 і 14 верасня ў Стоўбцах Мінскай вобласці і Навагрудку Гродзенскай вобласці).

Паводле падлікаў “Позірку”, у верасні на беларускіх метэастанцыях перапісана 77 лакальных і 2 абсалютных рэкордаў цяпла і 14 лакальных рэкордаў холаду.

Белгідрамет прагназуе, што ў бліжэйшыя трое сутак замаразкаў не будзе, днём у асноўным ад 10 да 15 градусаў цяпла. 5 кастрычніка на большай частцы тэрыторыі, 6 і 7 кастрычніка месцамі дажджы.

Падзяліцца: